Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Ой, белы конь бяжыць...


    ...Дабег да згібелага ад часу зчарнелага гумна і спыніўся як укапаны. Я дзіўлюся і не магу адарваць вачэй. Беларускія Левітаны і Саўрасавы, спяшайцеся да веёсачкі Вялец, сіраціну-мясціну на Глыбоччыне. Помнік умельству і рупнасці – унікальная драўляная цэркаўка канае ад часу, нядбайнасці, дый вятроў бязлітасна-халепных. А побач суседка, небарака-каплічка. Так і стаяць панурыя ў голым полі. Тут ранняй вясной рупяцца сейбіты мясцовае калгас-гуртавое арцелі, за хлебец небагаты б’юцца. І настаў месяц жнівень, пара каласок жалезнымі жменямі секчы - камячыць, каб камбайнавыя трыбухі-бункеры напаўняць, – табе, радзіма хлебец наш..
    Ад Вяльца па гравейцы шыбуючы, не абмінеш вёску Трэйпшы. Бухматыя воблакі, паказвае на дождж і на посцілцы свінцовага неба махі млынка незвычайна глядзяцца. На свойскім агародзе, якраз на ўзгорку, сваю драўляную лабаціну ветрачок – махі-крылы да ветру падстаўляе, хутчэй, гаспадар, давай збожжа, пахваліся багаццем,– будзе без стомы працаваць млын самаробны, дабро людзям робячы. А вось і сам умельца – Амброжа Сабулянец, хутарскі, майстровы, адмысловы вясковы майстар, адметны рупліўца. Прывячае гасцей і цешыцца, задаволены, – рады свежаму падарожніку. А побач з хатай ладная прыбудоўка. А там майстровы рыштунак, варштат, дый і дробязяў тысяча і адна. Хораша ў радок, кожны памочнік на цвічку красуе: сякеркі, малаты, далаты, стамескі, фуганы ды рашпілі.
    – Некалі тут побач стаяў арыгінальны ветрачок, у суседніх Білюнішках. Такое вынаходніцтва, дый запатэнтаваць, а пасля паўсюль на Беларусі запаланіць наваколле ветраковым дзівам, – колькі б дармавое энергіі было б. Не выкарыстоўваюць, адно апошнія жылы з Лукомльскай цеплавое станцыі цягнучы, – жаліцца каржакаваты мужык у вайсковым бушлаце. Ён з Полацака, на пару дзён да маткі на адведкі. А каб дарогу акупіць, мяшкоў колькі бульбы награбе, – у зімы рот вялікі, усё зжарэ... А да бульбы цыбуля не сірата, дый яблычак пераспелы.

На непрыкметным гасцінцу, што лучыць Глыбокае з іншым светам крочыць з кіёчкам бабуля ў белай хустцы, цёмнай спадніцы. Вось фартух забылася ў хаце пакінуць, так і выбегла, каб на свежых людзей падзівіцца. Спынілася, смяецца бяззубым ротам:
    – Я дачку другі тыдзень тут чакаю. Вунь з тае гары і прыкоціць, – паказвае на ўзгорак, дзе хаваецца вёсачка. - Дачка за Маскву выйшла, мужык яе расеец, гультаяваты, чымер любіць, але такі добра жывуць. Увечары пасварацца, а ўранні спяваюць. Я ёй сала шлю, мяса на сонейку спечанае, а па бульбу самі прыязджаюць. На крытай машыне. Бяруць задзеёшава і Маскву накормяць, і напаўзімы сабе на спевы заробяць. Сын з рязвядзенкай звязаўся, але дружна жывуць. У Відзах. А завуць мяне Марыя, а бацьку – Кандратам. Во з вамі пагаварыла, паўдня ўспамінаў набяжыць.
    Пайшла, як пабегла. А пасля спынілася, выцерла рукі аб фартух, засмяялася.
    Доўга стаяла на дарозе, углядаючыся, ці не едзе дачка на крытай машыне. Але калі тое будзе, бульба яшчэ бокі крухмальныя не напоўніла...
    Прыдарожны слуп, – як вясковы грамацей усім здарожаным падказвае, што да Каланеў -- 3 кэмэ, усяго нічога. Праедзеце лясок, абмінеце могільнік, заскочыце на ўзгорак і, калі ласка, відок шчымлівы, задуменна-спакойны масток праз рачулку, статак пярэстачак, мелкалессе, дамкі задуменныя, занядбаныя, недагледжаныя.
    І прывячае нас добраахвотны тлумач, вясковы экскурсавод, калі хочаце. Цікаўныя вочы, насцярожанасць. Па якой патрэбе, хлопцы, скрозь маладыя, з фотапстрыкунамі на шыі, з нейкімі скрынямі (мастакоўскімі мальбертамі) мінскія мастакі ў этнаграфічна-пазнавальнай экспедыцыі. Якое трасцы тут шукаць, конь сонны, вароны не крычаць, салаўі не спяваюць, смецце не прыбрана, гавяда не дагледжана, хаты гнілыя.
    – Мы жывем вунь у тым бялюткім доме, – яна паказала туды, дзе была мазанка, крытая саломай, нетыповае жытло для Беларусі. Я раблю здымак кабеты ў гадах і пытаюся, як ей жывецца, маецца ў глухой мясціне, але пры дарозе, такой гаманкай і вясеёлай:
    - Марфа Андрэяўна я. Жывем удвох з сястрыцай. У 20 гадох мы пераехалі сюды з ечарназем’я. Паляк прыйшоў – лесу даў, пабудаваліся. Саветы прыйшлі – хату на дровы пабурылі, чырвоныя байцы ў катлах нашу бульбу парылі... Немец на матацыклах прыпер – загадаў будавацца. А пасля зноў саветы, калгас увесь прыехаў на падводах – мы бордзенька ў лес, праз пяць гадоў адбудаваліся, – смяецца, задаволеная, дзівіцца, як хлопцы на паперы лоўка малююць. І ўзгорак, і дрэўца, і хаціну...
    – Я каб ведала, што вы прыскочыце, новую кухвайку надзела, боты з блішчастае гумы каторую пару свята чакаюць.
    Прынесла жменю гарбузікаў, пачаставала нас, пахвалілася:
    – Весела жыць пры дарозе. Машына прамчала, пылу падняла, а мне думак падкінула, уга і мне цікава, хутчэй жытка пабегла...

    
Новы Пагост
    У згодзе жыве вёсачка Мнюта, а вяскоўцы шторанак ходзяць на гасціны-адведкі да возера Мнюта. Што ні крок, то і здзіўленне. Шмат кавальскае аздобы. Як на могільніку, так і на агароджах, вабяць карунковыя мудрагеці на сцяне, на веснічках. Пэўна, каваль тутэйшы не гультаяваў, пра людзей рупіўся, памяць вунь якую пакінуў.
    Вёсачка Галубіца. А крыху воддаль Гаманкі хутар, дзе гаспадараць працавітыя вяскоўцы няўтомныя. Сюды ад Докшыц мчаць мо якую гадзіну, добра машыну ўверадзіўшы. Бездараж, вузенькая гравейка. Аўто бяжыць, каня ў поле зганяе. Знаёмімся з гаспадыняй – Адамаўна па-бацьку, завуць Люба. А майго чалавека – Канстанцін Сяменавіч, – яна паказвае на сівога дзецюка, які дзіўна крочыць, пастукваючы лёгкім кіёчкам. Сляпы. І толькі цяпер заўважылі. Наўкола пачэплены ладныя шпакоўні. На вільчаку хаты прымацаваны прапелер. Лгкі ветрык – і ён малоціць крыльцамі-махамі.
    – Унучак намайстраваў, каб дзед не згубіўся. У лес пойдзе, дый слухае, дзе вуркоча, – дахаты сам і вернецца. І птушкі спяваюць, дзеда шторанак канцэртамі цешаць.
    Хутар Дзянісы. Спыняемся каля дзіўнай клуні, высокай, аграмаднай, але моцнай. Ёй, і праўда, даўно месца ў этнаграфічным музеі, вясковае культуры і побыту пад шчымлівым небам. Бабуля ў вайсковым фрэнчы вядзе за руку хлопчыка дзетсадаўскага ахопу і адмыслова падшыванца-непаслухменца жыццю вучыць.
    – Там вуньдзека бусел шчыруе, птушка Богам злеплена... А вунь варона горла дзярэ, ей сонца патрэбна. А як сонца сядзе, месячык цешыць будзе. Кінула матка цябе на маю шыю, а сама чортведама куды намылілася, - бурчыць старая.
    А мы ў накірунку вёскі Ваўкалаты, на мясцовы касцл падзівіцца, памаляваць, дый звыклую фотафікацыю здзейсніць, калі яшчэ сюды завітаем. Не паспелі хлопцы расставіць свае паходныя мальберты, як убачылі купку мужыкоў і кабет. Наперадзе ішоў, як высветлілася, касцельны стараста, ашчаперыўшы тронак з блішчастай гострай касой. Каб прышлыя валацугі ўбачылі, – гострая, помслівая, калі вы на нядобрае дзела намыліліся.
    – Нам то казалі, ездзяць падазроныя, вывіжоўваюць пры святле, каб рабаваць ноччу, – растлумачыў дзяцюк, папярэдне вывучыўшы нашы дакументы.
    А ў завяршэнне відок. кабеты абкружылі высокага, прыгожага мастака Алеся Марачкіна, ці жартам, ці сур’ёзна:
    – Гэтага вусатага прыгажуна пакіньце нам, на ксяндза...

    
Раба Божая Алеся
    У вёсцы Юхноўка кіруем на вясковыя могілкі, дзе захаваліся унікальныя пяціметровыя драўляныя дубовыя крыжы. Магутныя, адметныя. Ёсць і з лістоўніцы, бярозы, вольхі. І на кожным высечаны далатом ці сякерай надпіс: «Раба Божая, Алеся Вычытараўна, памерла ў 1970 годзе». Глыбокія яміны, праваліліся шмат якія магілы, пахіліліся і крыжы. Пачарнелі, пакрыліся цвіллю, гніллю. І вышэй росту пякучка-крапіва, жаданая госцейка на запусцелых, занядбаных кладах. Буйна расце маліна. Смакуйце, частуйцеся...Але цішыня, не чуваць і гармідару крумкачоў, для якіх могілкі – рай. Сярод драўляных сустракаюцца і языцкія, з камяня, буйныя, пачарнелыя ад часу. Правядзеш рукой па цвілі – рука абмацае высечкі, пэўна імены, даты, – як даўно тое было, ой даўно. А крыху воддаль лета ўладарыць. Бацян плануе над полем. Нацярушанае сена на сцежцы, што гукае, запрашае ў поле. І косяць, і рупяцца, і спяшаюцца. Маладзенькія дзяўчаты вядуць па вуліцы гадавалага бычка. Упарціцца, тузае лейцы, палахліва кідаецца ад аўто. А дзяўчаты падганяюць мяцёлкай – і бычка падахвочваюць, і адганяюць дакучлівых аваднёў.
    І, як працяг падарожжа ў Юхноўку дый Тумілаўку. Густы, магутны сасоннік, непраходны лес раскашуе, цешыца цішынёй, прахалодай. Згубіліся ў гушчыні магілы. Толькі паржавелыя крыжы нагадваюць... Плесень на валунах-помніках. Подпісы з дзіўнымі граматычнымі памылкамі, мешаніна па-польску, расейску і па-беларуску. Шмат адпіленых каваных крыжоў, – збіральнікі даўніны шастаюць тут штогод, не лянуюцца.
    Мастак кавальскага ўмельства запрашае ў вёсачку Дзедзіна, ад Докшыцаў паўгадзіны на ровары. Зірні на адмысловую забудову - вясковая кузня. Пад саламяным дахам – улетку карак не запацее. Моцны, прыстойны зруб, не гультай увіхаўся. Праз атвор вузенькага акна сонейка шчодра рассылае промені – пэўна, каб падзівіліся, што на месцы кавальскі горн з шырокім пасакам і колам пад прымус. На дзвярах кузні ладны замок прычэплены, гаспадара чакае, бо столькі рэчаў для рамонту прывезена. І кавальскае начыненне, і рыштунак на месцы. На сцяне, па-гаспадарску – падкоўкі, скоблі, чапялы, сярпы. І дзівіліся, што не разцягнулі, збераглі. І штодня пільнуюць, каб злыдзень замок не сарваў.
    – Харошы чалавек тут увіхаўся, працаваў ад цямна да цямна. А ўвішнага пашукаць - паўсвету аббегаць. Гультаёў і п’янтосаў распладзілася, як чарвякоў пасля дажджу.
    – Паехаў у горад Докшыцы, дый не вярнуўся, растлумачылі ў Дзедзіна, – а раптам вернецца – даўно чакаем.
    Наўкола мы бачылі нямала ўзораў, зробленых рукамі ўмелага каваля з Дзедзіна, – і праўда, для музея збіраць трэба.
    А ў паўсотні метраў адсюль п’яны дзедзінец-руплівец новага гарту чыніць стогакід калгасны. І наўкруг насмеціў, панакідаў і жалеза, і балтоў, і дроту. Парамантаваў, цярнуў замурзаным рукавом кроплі поту і паджыгітаваў на ўдарную вахту. А смецце няхай вецер цалуе

Hosted by uCoz