Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Тарыкаў Алег Аркадзьевіч нарадзіўся 9 красавіка 1938 года ў сям’і селяніна ў вёсцы Мікулічы, што каля вёскі Жабінка Глыбоцкага раёна. З сямі гадоў вучыўся ў вясковай школе у Мікулічах, а з чацвёртага класу пачаў наведваць у Глыбокім СШ №2, якую паспяхова скончыў у 1954 годзе. Далей вучыўся  у Глыбоцкім электрамеханічным вучылішчы №12 (1955-1957), а па яго заканчэнні быў накіраваны на працу у горад Кустанай (Казахстан), адкуль праз некалькі месяцаў быў прызваны на службу у Савецкую Армію. Служыў на Украіне, у Харкаўскай вобласці. Маючы музыкальныя здольнасці (скончыў музыкальную школу па класу баяна у Глыбокім) ў арміі арганізаваў выдатную самадзейнасць. У званні сяржанта дэмабілізаваўшыся з арміі, паступіў на вучобу ў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер-энергетык (1960-1965 гг.). З 1965 у Гомелі працаваў на заводзе “Гідрапрывад” па сваёй спецыяльнасці. З 1975 года працаваў у навукова-даследчым інстытуце горада Мінска, а з 1982 года працаваў на Маладзечніцкай мэблівай фабрыкі галоўным энергетыкам.

             Акрамя асноўнай працы займаўся літаратурнай краязнаўчай дзейнасцю. Працаваў у мясцовых архівах, у архівах Вільнюса, Ленінграда, сустракаўся з рознымі цікавымі людзьмі, удзельнікамі ці сведкамі тых ці іншых падзей, сябраваў і супрацоўнічаў са знакамітымі гісторыкамі, журналістамі. Друкаваўся ў перыядачных выданнях па пытаннях краязнаўства і гісторыі Беларусі.

             Алег Аркадзьевіч склаў і запісаў радавод (з XVIII стаггоддзя) сваёй сям’і. Таксама ён з’яўляецца аўтарам вершаў і баек.

             У 1989 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшла кніга “Северные”, успаміны камандзіра атрада П. Н. Максіменка, літаратурны запіс якой зрабіў А. А. Тарыкаў.

Алег Аркадзьевіч марыў напісаць вялікую кнігу аб родным краі, шмат працаваў над гэтым. Многія лічылі яго дзіваком і задуму гэту нерэальнай. Была ж асноўная праца, і там ён быў добрым прафесіяналам. Для творчых пошукаў  заставаліся доўгія вечары і ночы.

             Так з’явілася на свет кніга “Зарніцы ў глыбінях азёр”, прысвечаная Глыбочынне. Дзевятнаццаць раздзелаў кнігі ахопліваюць гісторыю роднага краю. У кожным з раздзелаў цікаўны чытач знойдзе не надта вядомыя раней звесткі аб нашым краі і беларускай гісторыі ўвогуле. “ Зямля полацкіх крывічоў”, “Тры назвы горада”, “Паўстанні і дзесяцігоддзі міру”, “ Гордасць Глыбоцкага краю” – назвы раздзелаў, нібы каталог музейнай экспазіцыі...

             Трэба сказаць, што па розным прычынам не ўсе матэрыялы, сабраныя Алегам Аркадзьевічам, увайшлі  ў гэтую кнігу.

             А. А. Тарыкаў быў адзначан кіраўніцтвам горада Глыбокага, ён быў узнагароджан Ганаровай граматай раённага Савета народных дэпутатаў у 1993 г.

             Памёр А. А. Тарыкаў 15 студзеня 1996 года.

Hosted by uCoz