Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Ігнат Буйніцкі

 

22 жніўня мінула 140 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага, заснавальніка першага прафесійнага беларускага тэатра.

Тэатры ў Беларусі былі і раней. Напрыклад, у радзівілаўскіх палацах у Нясвіжы, у Слуцку. І нават выступалі ў іх, між іншым, мясцовыя „падданыя”. Толькі гэтыя тэатры не служылі вяскоўцам, іх рэпертуар быў прадугледжаны для князёўскіх гасцей і вяльможаў.

Вядома, з часам усё мяняецца. У канцы XIX стагоддзя Вінцук Дунін-Марцінкевіч паставіў у Мінску нават беларускамоўную п’есу. Была гэта, можна сказаць, толькі спроба „прагрэсу”. Буйніцкі ж стварыў свой вандроўны тэатр (1907 г.) з сялянскай моладзі, карыстаўся ў асноўным народным рэпертуарам, а гледачамі яго выступленняў былі перш за ўсё беларусы. Перамагаючы ўсе цяжкасці і перашкоды, дабіўся ён на канец для сваёй вандроўнай трупы (1910 год) звання Першага нацыянальнага тэатра ў Беларусі. На жаль, як напісана ў Беларускай савецкай энцыклапедыі, з-за праследаванняў царскіх улад і матэрыяльных цяжкасцей у 1913 г. тэатр спыніў сваю дзейнасць.

А што мы сёння ведаем пра яго заснавальніка? Па-мойму, лёс у адносінах да Ігната Буйніцкага быў несправядлівы. А можа ён і сам быў вінаваты ў тым, што не намагаўся пра сваю дзейнасць на тэатральнай ніве пакінуць сякія-такія запіскі. Зыгмунт Абрамовіч у сваіх успамінах піша: „Біяграфічныя звесткі пра Ігната Буйніцкага на рэдкасць скупыя. Сам ён цікавіўся ўсім і ўсімі. Мы пра яго «будні» ведаем выключна мала”.

Шмат гадоў таму мы з Янам Тарчэўскім наведалі Зыгмунта Абрамовіча. Калі пры бяседзе ён запытаўся адкуль я родам, а пачуўшы пра Доўгае, найглыбейшае ў Беларусі возера, здаецца сказаў: значыць, сусед Буйніцкага з Палівачоў. Гутарка зараз жа пайшла пра Абрамовічавы вандроўкі з тэатрам Буйніцкага. І ён даў мне тады сшытак сваіх успамінаў „Няходжанымі сцежкамі” (Полымя 1971).

Ігнат Буйніцкі нарадзіўся ў Палівачах на Глыбоччыне. Вучыўся ў Рызе. Тэатральную адукацыю (паводле Абрамовіча) здабываў у Вільні. Прафесійна працаваў каморнікамАбрамовіч жа, студэнт бадай маскоўскага тэатральнага вучылішча, з тэатрам Буйніцкага сустрэўся ў Слуцку, у час канікул у 1911 годзе. І гэта быў момант, ад якога Абрамовіч стаў членам вандроўнай трупы. Пазней, ва ўспамінах напіша: „Цяжка апісаць пачуцці і настрой людзей, якія прыходзілі на нашы выступленні. Гэтых выступленняў чакалі, да іх рыхтаваліся; бывала, што вельмі старых людзей прыводзілі на спектаклі”. Сягоння ці хто здольны зразумець „адкуль у гэтых стомленых людзей, у гарачую пару лета, калі дыхнуць мала часу, столькі жадання ісці іншы раз некалькі вёрст да мястэчка, сядзець у цеснаце і духаце прымітыўнай залы на нязручных, спехам збітых лаўках? Што прымусіла гэту вялікую «грамаду» людзей наведваць беларускія спектаклі?” Адказ адзін — любоў да роднага слова. Гаворка тут пра 1911 год. Вандроўны тэатр, везучы свой рэпертуар — беларускі фальклор і роднае слова — перасоўваўся ад мястэчка да мястэчка на падводах. Умовы жыцця (начлегаў) былі нялёгкія. Кіраўнік і ўвесь калектыў былі пад паліцэйскім наглядам. А з беларускім рэпертуарам у г.зв. Паўночна-Заходнім Краі не цырымоніліся. „Мы ведалі, — піша Абрамовіч, — колькі душэўных сіл і грашовых сродкаў трэба было патраціць Ігнату Буйніцкаму, калі ён рэпертуар нашых гастроляў даваў на разгляд адпаведным уладам. І не толькі ўлады ўмешваліся ў справы тэатра. Рабіла гэта і нахабная прэса, а таксама і тыя, каму недаспадобы было, што «такі адзін з беларускай гутаркай, з бедным рэпертуарам», асмеліўся выйсці на тэатральныя падмосткі”. Але тэатр Буйніцкага выступаў не толькі ў маленькіх мясцінах. Захапляў Вільню, Мінск, Варшаву, Пецярбург. І ўсё гэта дзякуючы таленту і самаахвярнасці кіраўніка, Буйніцкага. А што казаць пра членаў трупы? Што іх прывяло на тыя вандроўкі? „Думаю, — піша Абрамовіч, — пачуццё абавязку перад абяздоленай Бацькаўшчынай”. Усведамленне важнасці намаганняў Буйніцкага аб’яднала іх у, на рэдкасць, дружны, жывы калектыў. А невялікі, хутчэй сімвалічны, ганарар, ніхто б не прамяняў на зарплату за іншую работу. Вандроўкі і праца ў тэатры давалі і нямала радасці. Радавалі поспехі, радавалі сустрэчы з новымі людзьмі, часам са спатканымі сябрамі. Абрамовіч зрабіў спробу пералічыць тых, каго ён здолеў прыпомніць з гасцей трупы. Былі гэта паэты, артысты: Алесь Гарун, Аркадзь Чарнышэвіч, Ядвігін Ш., Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Альбэрт Паўловіч, а нават Максім Багдановіч. Некаторыя дык нават і выступалі з калектывам. Так, яшчэ крыху і будзем святкаваць стагоддзе „з дня нараджэння” самога тэатра. Сягоння мы ўжо жывем у трэцім тысячагоддзі. Беларусь стала самастойнай дзяржавай. Хацелася б ведаць наколькі ідэі і спадзяванні Буйніцкага былі здзейсненымі, што ў беларускім тэатры асталося з Буйніцкага. Хацелася б таксама нешта ведаць і пра самога Буйніцкага. Ён памёр у 1917 годзе, дык ці захавалася дзе ягоная магіла? Ці дом у Палівачах, у якім „радзіўся” першы беларускі тэатр яшчэ існуе? Які лёс спаткаў Ігнатавых дачок, дзе цяпер іх сем’і? Яны ж былі ўдзельніцамі тэатральнай трупы. Вядома, што ў Сярэдняй школе ў Празароках быў заснаваны Музей Буйніцкага. Каб што напісаць пра Буйніцкага ў „Ніву” я звяртаўся са сваімі пытаннямі да знаёмых на Глыбоччыне, пісаў нават у Сярэднюю школу ў Празароках. На жаль, ніхто мне адказу не даслаў. Чытаю я і беларускія газеты, звяртаючы асаблівую ўвагу на юбілейныя ўрачыстасці. Насцярожыла мяне ў тамашніх тэкстах адметная з’ява. Там часта людзей, якія прысвячаюць свае высілкі нацыянальнай справе, лічаць апантанымі. Вось прыклады: 1. „Веснік Глыбоччыны” (12.02.1991, стар. 3): „Музей (Буйніцкага) быў адчынены ў 1982 г. дзякуючы рупнасці і апантанасці Алы Врублеўскай”. 2. „Шлях перамогі” (ад 6 кастрычніка 1988 г., стар. 3): „На ўрачыстым сходзе, праведзеным у Падсвільскім Доме культуры, пра Язэпа Драздовіча гаварылі як пра чалавека вялікага таленту, апантанага падзвіжніка, нястомнага змагара за нацыянальную культуру...” Буйніцкі, за нацыянальную справу, змагаўся пад царскім рэжымам. Але чаму трэба было быць апантаным Драздовічу жывучы ў Савецкай Беларусі? Журналіст у сваёй пасляюбілейнай нататцы на гэта прыгадвае горкія словы вяскоўцаў: „Ходзіце, цікавіцеся Драздовічам, а дзе вы раней былі, як ён галадаў, як паміраў у адзіноце. Дзе вы тады былі, як хавалі яго, загарнулі ў прасціну і апусцілі ў зямельку, па якой ён столькі хадзіў”. Выходзіць, палымяныя словы на трыбуне — для гісторыі. А рэчаіснасць? Яна — шэрыя будні для шэрых людзей. Аднак пра адчай апантаных маўчаць цяжка ўдаецца.

Анатоль МАЎЧУН Ніва № 34 (2363), 26 жніўня 2001 г.

Hosted by uCoz