Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Апошнім часам, асабліва пасьля таго, як возера Шо на Глыбоччыне назвалі Цэнтрам Эўропы, глыбачане, асабліва мясцовыя краязнаўцы сталі голасна рэклямаваць гэты брэнд. Аўтар гэтага артыкулу, працаваўшы ў штотыднёвіку “Вольнае Глыбокае”, нават жартам прыдумаў рэклямку для ВГ пад слёганам “Цэнтральнаэўрапейскае газэта”.
У сваю чаргу яшчэ да адкрыцьця цэнтра Эўропы беларускімі географамі, ў Паставах зьявіўся бюлетэнь мясцовых НДА пад назвай “Крэсы Эўропы”. Напаўжартам рэдактар і заснавальнік выданьня Міхал Гіль акрэсьліў межы Эўропы правёўшы лінію па kresach wschodnich, адрэзаўшы ад кантынэнту Полацак, Віцебск, Смаленск і Маскву. Ведаючы спэцыфічны гумар Міхала, зразумела, што ніякае абразы для астатняе Беларусі ён зрабіць не хацеў, але ўступіў у жорсткі дыскурс, найперш, з рэдактарам “Вольнага Глыбокага” Уладзімірам Скрабатуном, які часта рэклямуе брэнд “цэнтар Эўропы”. Паводле “крэсаў” М. Гіля Глыбоччына робіцца ня цэнтрам, а памежнай тэрыторыяй.
Жартуючы, Гіль кажа: “Калі Глыбокае – цэнтральнаэўрапейскі горад, дык Паставы – заходнеэўрапейскі”.
Спрэчкі патрыётаў сваіх гарадоў Скрабатуна і Гіля выглядаюць камічна, але тым больш падкрэсьліваюць нявызначанасьць, блытаніну кантэкстаў, дэфініцыяў, якая цяпер пануе ў Беларускай палітычнай геаграфіі.

 

Лукашэнка прызямліўся на руінах гісторыі
У 1989 годзе амэрыканскі лібэральны філёзаф Франсіс Фукуяма пісаў: “Канец гісторыі будзе вельмі сумным часам. Барацьба за прызнаньне, хісьць ісьці на рызыку дзеля чыста абстрактай мэты, сусьветная ідэалягічная барацьба, што гартавала адвагу, сьмеласьць, уяўленьне, ідэалізм, будзе заменена эканамічнымі калькуляцыямі, бясконцымі рашэньнямі тэхнічных праблемаў, экалягічнымі трывогамі і задавальненьнем тых ці іншых пакупніцкіх патрэбаў. У пост-гістарычны пэрыяд ня будзе ні мастацтва, ні філязофіі, толькі заўсёдны дагляд за музэям чалавечай гісторыі. Я адчуваю ў сабе і бачу ў іншых навокал моцную настальгію па часу, калі гісторыя існавала. Гэткая настальгія, дарэчы, будзе працягваць падбухторваць спаборніцтва і канфлікты нават у часе пасьля гісторыі яшчэ які-ніякі час. Хаця я і прызнаю яе непазьбежнасьць, у мяне вельмі амбівалентныя пачуцьці наконт цывілізацыі, што паўстала ў Эўропе з 1945 году, зь ейнымі паўночна-атлянтычным і азіяцкім адгалінаваньнямі. Магчыма, гэтая пэрспэктыва стагодзьдзяў суму напрыканцы гісторыі паслужаць, каб гісторыю распачаць зноў.”
Дзерзкая заява Фукуямы пра “канец гісторыі” выклікала жорсткую крытыку і палеміку ў ЗША, а таксама за іх межамі. Тым ня меньш, ня ён першы заяўляў пра “канец гісторыі”. Гегель быў заявіў, што гісторыя скончылася ў 1809 годзе, і гэта яшчэ раз паўтарыў ягоны перакладнік француз Аляксандар Кожэв, цудоўна ўсьведамляючы адказнасьць свайго сьцверджаньня, маючы за кругаглядам дзьве сусьветныя войны.
Гледзячы з Фукуямава-Гегельскай пэрспэктывы, гісторыя сапраўды спынілася. Яшчэ два стагодзьдзі таму быў дасягнуты кансэнсус па асноўных сьвядомках, агульначалавечых прынцыпах, згодна зь якімі мусіць разьвівацца сьвет. Прынамсі, сьвет заходні.
Occident сьпявае ва ўнісон па вялікай колькасьці пытаньняў і тыя адрозьненьні, што часам узьнікаюць, ня ў якім разе не зьмяняюць агульны modus vivendi.
Ці належым мы, беларусы, да заходняе цывілізацыі? Ці сьпяваем ва ўнісон Брусэлю, Вашынгтону, Рыму? Лукашэнка – гэта часовая зьява альбо заканамернасьць? Ці можна Кебіча, Шушкевіча ці Грыба назваць эўрапейскімі палітыкамі? Колькі было напісана на гэтую тэму. Вялікай колькасьці айчынных мысьляроў карціць цепліць думку, што мы належым да Эўропы. Прынамсі, належылі, а зараз выпалі, нас выкінула на бакавіну заходняй цывілізацыі ці яшчэ куды далей. In long run, гісторыя для нас спынілася, як і для Вены ці Лёндану. Лукашэнка, СССР – гэта проста часовы выбрык гісторыі.
Заходнія аналітыкі куды больш асьцярожныя ў вызначэньні мейсца Беларусі на геапалітычнай мапе сьвету. Амэрыканцы часта называюць нашу частку плянэты Эўразіяй, нейкім такім пераходным, прамежкавым абшарам між Эўропай і Азіяй. Да Эўразіі разам з намі належаць Украіна, Расея, Грузія, Малдова і г.д. Часта нас называюць ex-USSR, CIS countries, newly formed states, new EU neighbors.
Французскі інтэлектуал Ален Бэзансон у сваім артыкуле “Межы Эўропы” піша, што “хрысьціянства ў сваім лацінскім варыянце надоўга зрабілася галоўнай адзнакай прыналежнасьці да Эўропы”. Калі прыняць за аснову гэтае сьцьверджаньне, дык дамінаваньне праваслаўя (якое адкрыта культывуецца дзяржавай, а ўсе астатнія рэлігіі загнаныя ў няроўны стан, калі ня выцесьненыя зусім у падпольле) нас адлучае ад Бэзансонаўскай Эўропы. Нават заходняя Беларусь губляе сваю ранейшую каталіцкасьць.
Ад палітычна аб’яднанай Эўропы (Эўразьвязу) нас адлучаюць многія ўнутрана-эўразьвязаўскія фактары. Такія, напрыклад, як крыза ўзьнікшая з-за павелічэньня ўніі.
Вось якія высновы з галасаваньня супраць эўраканстытуцыі робіць амэрыканскі аглядальнік Ўільям Пфаф у сваім артыкуле “What's Left of the Union?”:
“Адмова – гэта штосьці куды больш простае. Гэта крыза, якую справакавала пашырэньне Эўразьвязу. Яе можна было прадбачыць, і рана ці позна тое было непазьбежна. Французы і датчане саслужылі ЭЗ службу, вывеўшы ўсё на чыстую ваду зараз. Эўропа дваццаці-пяці (ня кажучы ўжо пра патэнцыйныя трыццаць-пяць ці болей) чальцоў – завялікая, каб функцыянаваць, як і Эўропа шасьці, дванаццаці ці нават пятнаццаці. Яна радыкальна розьніцца ад той Эўропы, якой яна была раней.”
Акрамя таго, Эўропа баіцца тых, хто жыве па іншых законах, дзе пануюць іншыя каштоўнасьці, дзе іншая культура, рэлігія, іншыя традыцыі.
Культура старадаўняе Беларусі, як сьцьвярджае багата гісторыкаў, - эўрапейская па-сутнасьці (залаты век ВКЛ прайшоў пад сьцягамі пратэстантызму, а часы Рэчы Паспалітай пад харугвамі каталіцкага касьцёлу), але за апошнія стагодзьдзі яна размылася. Беларуская культура пачала прайграваць культуры расейскай. Пра гэта піша ў сваёй кнізе “Мяне няма” беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч.
Ён піша: “... калі запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе зь беларускай культурай, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у выніку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможнаю. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы”.
У Глыбокім, Паставах, Браславе беларуская мова гучыць на вуліцах куды часьцей чым на ўсходзе. Паўночна-заходняе Паазер’е гамоніць па-беларуску ў вёсках. Трасянка гучыць у мястэчках. “Русіць” тут не прынята, хаця русіфікацыя за часамі Лукашэнкі набірае тэмпы. Нават дарожныя ўказальнікі ў Глыбоцкім раёне сталі рабіць па-расейску. Разам са стратай нацыянальнай культуры і самасьвядомасьці адбываецца экспансыя лёгка даступнай масавай культуры з Расеі ў сэрца беларускага Паазер’я. Калі яшчэ сорак год таму расейская мова на вуліцах Глыбокага гучала б ненатуральна і сьведчыла б толькі пра немясцовае паходжаньне суразмоўцы, дык зараз, згодна з агульнапрынятым modus-aм apperandi па-расейску прамаўляюць прадстаўнікі ўлады, вырабляюць шыльды, разьлічваюцца ў крамах. Свайго “вясковага” акцэнту тутэйшыя пачалі саромецца.
Беларуская афіцыйная культура капіюе ўсходняга суседа. Беларуская эстрада, палітыкі, эканамісты – усе позіркі на ўсход. Нават заходняе мы часта ўспрымаем праз прызму расейшчыны.
Не хацелася б ўводзіць чытача ў зман, бы тут сцьвярджаецца, што расейскае = неэўрапейскае, а беларускае = эўрапейскае.
Беларуская культура вельмі моцна трансфармавалася за гады акупацыйных рэжымаў. Нават этнонім “беларусы” ўзьнік толькі ў 19 стагодзьдзі, а гістарычныя назовы “ліцьвіны”, “крывічы” выпалі з ужытку.
Нават, калі мы самі сябе адчуваем эўрапейцамі, якімі сябе адчувае і значная частка жыхароў Расеі, нам будзе вельмі складана давесьці нашу эўрапейскасьць Брусэлю ці нават Вашынгтону.

Эўрапейцамі звацца...
Дзеля таго, каб сьцьвердзіць, што мы ўсё ж эўрапейцы, а не нешта незразумелае паміж Азіяй і ЭЗ нам вельмі моцна варта задумацца пра прыняцьцё ці аднаўленьне эўрапейскіх каштоўнасьцяў, эканамічнай і прававой мадэлі. Пакуль што мы гуляем у вынаходніцтва “свайго шляху”. Рынкавы сацыялізм яўна не працуе. Таксама ясна зразумела, што гэта неэўрапейскі шлях. Мы ўсё шукаем, і гісторыя для нас яшчэ не памерла?
У сапраўднасьці, а пра гэта кажуць многія, аўтарытарытарныя рэжымы маюць агульныя правілы гульні і штосьці новае тут ня вынайсьці. Лукашэнкаўская ўлада капіюе тое, што было да яе. І разам з тым, кажа пра тое, што “мы – Эўропа”. Лукашэнка, беларускія эліты, улады, навукоўцы рэгулярна заяўляюць пра эўрапейскасьць Беларусі. Больш таго, пра тое, што мы геаграфічны цэнтар Эўропы, а ніякая мы не Эўразія.
Вось што пісала газэта “Зьвязда” у 2002 годзе:
“Беларускiя вучоныя правялi новыя разлiкi i з вялiкай доляй дакладнасцi вызначылi геаграфiчны цэнтр Еўропы. Пра гэта заявiў намеснiк галоўнага iнжынера рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства "Белаэракасмагеадэзiя" Барыс Фурманаў.
Згодна з разлiкамi, умоўная кропка, "грамадзянства" якой прыпiсваюць сабе i iншыя еўрапейскiя краiны (Польшча, Чэхiя, Лiтва i iнш.), размясцiлася ў Вiцебскай вобласцi на паўднёвы захад ад Полацка побач з возерам Шо. Барыс Фурманаў таксама адзначыў, што падчас пошукаў геаграфiчнага цэнтра выкарыстоўвалiся новыя падыходы да вызначэння межаў Еўрапейскага кантынента. Так, водная прастора Балтыйскага i Белага мораў разглядалася як унутраны вадаём Еўропы. Беларускiя вучоныя выказваюць упэўненасць у правiльнасцi сваiх разлiкаў."

Акрамя беларускага цэнтра Эўропы, ёсьць таксама летувіскі - 54°54′ N 25°19′ E, 15 кілямэтраў на поўнач ад Вільні. Менавіта там сярэдзіна кантынэнту паводле Institut Géographique National (Французскі нацыянальны геаграфічны інстытут).
А таксама ёсьць польскі – каля Торуня, 200 км на захад ад Варшавы.
У 1775 годзе польскі астраном Шыман Сабекрайскі назваў вёску Сухаволя, што ў Польшчы, а немцы ў пачатку ХХ ст. сярэдзіну кантынэнту прыпісвалі гораду Дрэздэн. І нават дэтэрмінавалі яе ля царквы Frauenkirche.
Гістарычна, цэнтар Эўропы апынаўся нават на тэрыторыі гэткай жа “эўраазіяцкай” краіны, як і Беларусь, памаранчовай Украіны. У Раківе, што на Галічыне, ёсьць камень, які лічыцца знакам геаграфічнага цэнтру Эўропы.
Украінскі філёзаф Віталь Панамароў піша: “Геаграфічна Цэнтральная/Сярэдняя Эўропа пачынаецца ў адпаведнасьці з азначэнем Міколы Рабчука — адразу ж за агароджай саду Мэтэрніха (то бок, на ўсход ад ускраіны Вены) і цягнецца аж да Дняпра. З гледзішча сучаснай гісторыі — гэта ганебная для Захаду прастора паміж Мюнхенам і Ялтай. З гледзішча сучаснай геапалітыкі — гэта часовая нічыйная зона, шэрая пляма, якая прагне чужых уплываў і падпарадкаваньня. Паводле Юр’я Андруховіча — гэта памежжа “культуры віна”, “культуры піва” і “культуры гарэлкі”. Затое адносна каштоўнасьцяў — гэта асобнае субцывілізацыйнае кола з вандроўным цэнтрам, няпэўнымі межамі, агульным лёсам і адзінствам сьветапогляду.”
Па словах ўкраінскага мысьляра, цывілізацыйны разлом праходзіць па ўсходнім краі гэтага рэгіёну стужкай Міжмор’я, створанай з поўначы на поўдзень пераважна Беларусяй і Ўкраінай. Абедзве яны ўжо пераадолелі палову шляху да ўласнай тоеснасьці, і цяпер іхнія культурныя эліты ствараюць постмадэрныя нацыі ў данацыянальным асяродку. Такім чынам, ва ўкраінскіх і беларускіх інтэлектуалаў вяртаньне да сябе азначае новую інтэрпрэтацыю прынцыпаў “эўрапейскасьці” падчас адбудоўваньня ўласнай нацыянальнай тоеснасьці.
Аднак у цэнтры Еўропы, піша Панамароў, ўсе звычайныя праявы нацыянальнага міжвольна прасьвечваюць праз досьвед азіяцкай акупацыі, а іхні экзыстэнцыяльны прысмак ператварае сакрамэнтальную шклянку гарбаты ў чашу амрыты. Гісторыя выпрацавала ў сярэднеэўрапейцаў звычку да своеасаблівай негатыўнай эсхаталёгіі — усведамленьне таго, што іх могуць фізічна зьнішчыць альбо яны могуць цалкам гуманна бяссьледна зьнікнуць у эўразійскім балоце. Звычайна такія пагрозы зьяўляюцца магутным фактарам унутранай кансалідацыі нацыі, але разам з тым усьвядоміць сябе беларусам ці ўкраінцам сёньня азначае стаць “ваяўнічым сэпаратыстам” у вачах Захаду, “буржуазным нацыяналістам” з гледзішча Ўсходу і нацдэмам/бандэраўцам для айчынных “транснацыяналаў”. Каштоўнасны раскол грамадства ўзмацняецца яшчэ і тым, што беларускімі і ўкраінскімі элітамі гістарычна засвоены заходні тып мысленьня, а масавай сьвядомасьцю тых краінаў — усходні.
Панамароў, як і многія іншыя прадстаўнікі тых самых ўкраінскіх і беларускіх элітаў і ствараюць цэнтральнаэўрапейскі міт нашага рэгіёну. Нам мала быць проста Эўропай – трэба давесьці найперш сваім адсталым “транснацыяналам”, што мы ніхто іншыя, як цэнтральнаэўрапейцы.
Геаграфічны цэнтар Эўропы ў нашай частцы сьвету – гэта ня проста навуковы факт, гэта стала палітычным сьцьверджаньнем, доказ таго, што мы Эўропа, а не Азія, што будучыня наша ў ЭЗ, а не ў СНГ ці іншых падабенствах сссраў. Але гэтае сьцьверджаньне найперш для нас саміх. Проста быць у цэнтры кантынэнту не дастаткова для заходнеэўрапейцаў і нават часткі новых сяброў ЭЗ, каб лічыць нас часткай сваёй цывілізацыі. Нават мы, сьцьвярджаючы пра сваю “эўрапейскасьць”, не гатовы гуляць па эўрапейскіх правілах гульні. У нашыя вароты так часта б’юць пэнальці, што мы да гэтага прызвычаіліся. Каб жа стаць нарэшце часткай адзінай Эўропы, і гэта зразумела, напэўна, усім, нават ППРБ, правілы трэба прыняць.
У сваю чаргу “транснацыянал” А. Лукашэнка, сьветапогляд каторага радыкальна адрозны ад панаваўшых раней у Менску элітаў, прыйшоў з калгасу, лічы зьніадкуль, перамог выбары, дзякуючы падтрымцы тых самых “транснацыяналаў” і перафарбаваў Беларусь на свой азіяцкі лад.
Заява А.Г.Л. пра тое, што Беларусь мусіць стаць цэнтрам праваслаўнага сьвету, зусім ня вяжацца з тэорыямі Бэзансона, каб нас запісаць нават ня ў Цэнтральную, але ўвогуле ў Эўропу. Бізантыя – гэта іншая традыцыя, гэта ня Рым, не лацінскі сьвет. Іншая цывілізацыя.
Беларускі лукашэнкаўскі Establishment кажа зусім пра іншую еднасьць народаў на нашых абшарах Эўропы: пра славянскі мір, пра панславізм, славянскае брацтва. ‘Брацтва’ гэтае вельмі масквацэнтрычнае, і такія аддаленыя тэрэны, як Польшча, Славакія і Чэхія ў яго неяк ня ўпісваюцца палітычна. Звычайна пад славянскім брацтвам разумеюць Расею, Украіну і Беларусь, а часам і іншыя посткаляніяльныя (посткамуністычныя) краіны рэгіёну. Такія, напрыклад, як Кіргізія і Казахстан.
Агульнаславянскае братэрства вельмі нагадвае акрэсы таго, што на амэрыканскіх і заходнеэўрапейскіх паліталягічных мапах завецца Eurasia – краіны, што яшчэ не абралі свой шлях альбо абралі шлях аўтарытарны, недэмакратычны, якія культурна ня вызначыліся, хто яны (Эўропа ці Азія), якія яшчэ гуляюць у гісторыю, насуперак пэсымістычным сьцверджаньням Фукуямы. Шэраг рэвалюцыяў, што пракаціўся хваляй па частцы СНД, прынамсі пакуль што не зусім паўплываў на ідэалягічную і паліталягічную геаграфію кантынэнту. Магчыма, ГУУАМ стане новым зьвяном у ланцугу гістарычнага перефарбаваньня мапы Эўропы.

Мы эўрапейцы? Мы эўрапейцы. Мы эўрапейцы! Мы...
У пошуках Шамабалы (альбо Беларусі)

Скарыстаюся ўрыўкам з аналізу Яраслава Грыцака кнігі Анны Апэльбаўм “Між Усходам і Захадам: ускраінамі Эўропы”, каб праілюстраваць погляд чалавека заходняга на нашу частку зямельнай кулі:
“Амаль усе размовы, як і самое аўтарскае апавяданьне, круцяцца вакол адной тэмы — нацыянальная ідэнтычнасьць тых народаў, што жывуць на прасторах паміж Балтыйскім і Чорным морамі. І ня проста пра нацыянальную ідэнтычнасьць саму сабою, а пра тое, якія палітычныя, культурныя, гаспадарчыя наступствы для будучыні гэтага рэгіёну будуць мець старыя і новыя нацыянальныя падзелы. Кніга Анны Апэльбаўм каштоўная менавіта тым, што перадае настроі лета 1991 году, прычым вельмі часта — у непрыхаванай і амаль цынічнай форме. Ейныя суразмоўцы адкрыта гавораць пра тое, пра што не наважваюцца заявіць нацыянальныя лідэры — костка ад косткі і кроў ад крыві свайго народу. За колькі тыдняў пасьля гэкачэпоўскага перавароту ў Маскве гэтыя народы ці атрымаюць самастойнасьць, ці стануць нацыянальнымі меншасьцямі ў сваіх дзяржавах — пэрспэктыва, якая не ва ўсіх выклікае захапленьне. А пакуль яны толькі гавораць, малююць свае інтэлектуальныя мапы, дзе іхнае месца ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе не супадае са старымі дзяржаўнымі ды цывілізацыйнымі падзеламі.
Літоўцы ў Вільні ды палешукі ў Берасьці пераконваюць аўтарку, што, варта ім толькі здабыць палітычную незалежнасьць, яны апярэдзяць у эканамічным разьвіцьці лянівых, непаваротлівых і вечна п’яных украінцаў і беларусаў, ня кажучы ўжо пра расейцаў. Прыблізна тое самае кажа пра ўкраінцаў уласьнік львоўскага ”Гранд-гатэлю” Геншафт, колішні савецкі жыд, які даўно ўжо ўнезалежніўся, атрымаўшы амэрыканскае грамадзянства нібыта з-за палітычнага перасьледу ў сваёй былой бацькаўшчыне (“Калі гляджу на яго, — піша Анна Апэльбаўм, — мне робіцца шкада ўсіх тых сапраўды перасьледаваных у сьвеце людзей, якія ня могуць атрымаць амэрыканскіх візаў”). Для дробнага расейскага гандляра Дзімы, які перапрадае ў Стамбуле вывезеныя з Адэсы рэчы, усе краіны, якія наведала аўтарка, — Літва, Украіна, Беларусь — не сапраўдныя, яны толькі выдумка. Рэальныя толькі Расея ды Захад, дый тое, усё сапраўднае на Захадзе — Оксфард, Сарбона, Гайдэльбэрг — выраблена расейскімі рукамі альбо куплена на расейскія грошы.
Найменш у тым хвалькаватым хоры кандыдатаў на эўрапейскасьць чуваць беларусаў і ўкраінцаў (апрача, зразумела, галічанаў). Іхныя галасы гучаць прыглушана альбо ня надта ўпэўнена, таксама як няпэўныя і іхная ідэнтычнасьць, і іхнае месца ў Эўропе. Бо Эўропа — гэта не Савецкі Саюз, там нельга паказвацца без сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, традыцыяў, уласнай культуры.
Аднак гэта не азначае, што яны адмаўляюцца ад сваіх пошукаў. Адно з найцікавейшых для мяне месцаў у кнізе — размова аўтаркі з маладым беларускім паэтам Ігарам.
“Мы — постмадэрністы”, — мякка прамовіў Ігар. Ягоныя чорныя валасы былі сабраныя ззаду. Ягоныя вочы сьлязіліся ад таго, што ён замнога чытае. Ягоны твар быў блядым ад таго, што ён рэдка бывае на сьвежым паветры. “Ці ты ведаеш Гайдэгера?”
Я сказала, што ведаю.
“Ці ты ведаеш Фуко?”
Я сказала, што ведаю.
“Тады ты павінна зразумець, што Беларусь ёсьць ідэальнай постмадэрнісцкай краінай”, — у Ігара быў цалкам сур’ёзны твар, ён толькі лыпаў вачыма час ад часу.
“Я ня пэўная...”
“Глядзі: постмадэрнізм — гэта новае авалоданьне мінулым, гэта ператварэньне фальшывай сьвядомасьці ў сапраўдную сьвядомасьць, гэта пераацэнка каштоўнасьцяў. Дагэтуль мы жылі тутака ў фальшывай культуры, аточаныя масава прадукаваным, — ён перасмыкнуў плячыма, каб перакласьці гэтае слова правільна, — кічы. А цяпер надышоў час адкінуць той кіч і замяніць яго чымсьці сапраўдным”.
… “Кіч, — паўтарыў ён. — Яны падсунулі нам сфальшаваную сялянскую культуру: масава прадукаваныя лялькі для турыстаў, танныя драўляныя лыжкі. І ўвесь гэты час яны руйнавалі сапраўдную сялянскую культуру, зачынялі майстэрні, прымушаючы людзей кідаць скульптуру і ўступаць у камуністычную партыю”.
Ігар сказаў, што цяпер адраджэньне беларускай культуры залежыць ад гараджанаў: “Мы павінны сьпяваць народную музыку на інтэлектуальных сходах. Мы павінны чытаць народную паэзію. Мы павінны нанова вынайсьці традыцыю, калі гэта патрэбна, там, дзе мы яе забыліся”.
Жонкі Ігаравых сяброў таксама бралі ўдзел ў пераацэнцы каштоўнасьцяў. Яны насілі ўласнаручна вышытыя фартухі і гатавалі традыцыйныя стравы, апраналі сваіх дзяцей у народныя строі ды вывучалі беларускую мову.

Цяпер, празь сем год пасьля апісаных падзеяў, мы ведаем, што большасьць з тых высілкаў пайшла на глум. Шкода фартушкоў і зламанага маленства. Палітычны рэжым Лукашэнкі можна называць рознымі словамі, але нікому ня прыйдзе ў галаву назваць яго нацыянальнай дзяржавай. Наадварот, абвешчаная ў эміграцыі Зянонам Пазьняком адноўленая Беларуская Народная Рэспубліка становіцца яшчэ адной “вынайдзенай”, але пустой традыцыяй. Няясна, аднак, ці беларускія постмадэрнісцкія будаўнікі нацыі зазналі паразы таму, што былі беларусамі, ці таму, што былі постмадэрністамі? Чаму ў адных выпадках і ў адных народаў “вынайдзеныя” традыцыі прышчапляюцца на нацыянальны грунт, а ў іншых становяцца толькі пустою фантазіяй? Анна Апэльбаўм не дае адказу на гэтае пытаньне. Яна яго нават і ня ставіць, зьберагаючы вернасьць чысьціні жанру — цікаваму, але інтэлектуальна ня надта прывабнаму рэпартажу пра вандроўку землямі Ўсходняй Эўропы.”
Вышэй прыведзены ўрывак люструе адзін са шматлікіх прыкладаў пошукаў саматоеснасьці беларусаў. Сапраўды, мы жывем у пастмадэрным сьвеце, які нас напаткаў неяк хутка, загарнуў у абгортку Інтэрнэту і SMS-messaging-у, у “пошт-мадэрнізм” Андрэя Хадановіча і “Нашу Ніву” з укладышам “Інфарматар”, зрабіў нас сУчасьнікамі перапалак Глобуса і Аркуша на
http://www.litara.net/. Беларуская нацыянальная (ці нацыяналістычная) эліта (інтэлігенцыя) марыць пра Вільню, Эўразьвяз, пра сапраўдную незалежнасьць. А таксама пра “Каралеўства Беларусь” – Вялікалітву, аднаўленьне ВКЛ, Крывію, Літву, БНР. Мы шукаем СВАЮ краіну, сваю “Шамбалу”. Мы часта ня ведаем, хто мы, дзе мы, якая наша будучыня. Ня ведаем навам мы, хто размаўляе па-беларуску, хто працуе ў НДА і не падтрымлівае курс Лукашэнкі.
Калі разважаеш пра Беларусь, дык часта ўзьнікае асацыяцыя: “нявызначанасьць”. Любая больш-меньш грунтоўная бібліятэка дасьледніку дае магчымасьць для бясконцых блуканьняў па абшарах нашага краю, але разам з тым так проста разгубіцца (ці згубіцца) на гэтым неакрэсьленым абшары. Эўразія? Эўропа? ГУУАМ? СНД? Цэнтар славянскай цывілізацыі? Выбару мы так і не зрабілі.
Як па-рознаму будуць вам казаць людзі, калі вы задасьцё ім пытаньне “Хто мы?”
Вось як адказваюць звычайныя жыхары Беларусі з розных рэгіёнаў, аб’яднаныя хіба што тым, што так альбо інакш належаць да “трэцяга сэктару” альбо ўпісваюцца ў паймо “інтэлігенцыя”.

Цi лiчыце Вы сябе эўрапейцам?
Абгрунтуйце Ваш адказ.

Юрась Калбасіч, супрацоўнік газэты “Вольнае Глыбокае”, Глыбокае:
Так, безумоўна.
Абгрунтаваньні:
1. Гэаграфічнае – гэта ведае кожны шкаляр.
2. Нацыянальна-патрыятычнае – беларусы маюць усе прыкметы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Іншая справа, што ўсьведамляе гэта меньшасьць зь іх.
3. З уласнага досьведу – я ня горшы за тых эўрапейцаў, зь кім мне давялося сустракацца.

Яўген Бука, магістрант, Шаркоўшчына:
1. Не, не лічу. Вельмі б хацелася, але тое было б
маной. І тут справа не толькі ў эканамічнай
адсталасьці краіны, але і ў культурным узроўні, у
сьветапоглядзе беларусаў. Уплыў савецкай спадчыны так
хутка не зьнікне, тым больш што нашыя улады старая
сістэма амаль цалкам задавальняе.

Павал Скрабнёў, супрацоўнік цэнтра IATP, Віцебск:
Так, я считаю себя европейцем. Но мне хотелось бы считать себя
европейцем 10-го века, когда Европа была христианской. К сожалению, в
Европе был где-то лет 8 назад и не знаю, что она из себя представляет
сейчас. Причина: фильтрация информации из Европы, почти полная
изолированность Беларуси. Но это не только моя проблема.

Надзея Бабіч, рэсурсовы цэнтар “Барміца”, Глыбокае:
З аднаго боку, даволі цяжка лічыць сябе эўрапэйцам, калі нашая краіна ня ў складзе Эўразьвязу – так, прынамсі, можна даволі стандартна адказаць на гэтае пытаньне. Альбо яшчэ: ня гледзячы на тое, што нашая краіна ня ў складзе ЭЗ, я ўсё ж лічу сябе эўрапэйцам, бо даўней, за часоў росквіту нашае вялікае і магутнае беларускае дзяржавы ад мора да мора - Вялікага Княства Літоўскага – Беларусь (хоць яна тады ня мела такой назвы) лічылася паўнапраўнаю часткаю тагачаснае Эўропы, і зь ёю мусілі лічыцца такія дзяржавы як… што бачна па… (тут ідуць яскравыя прыклады).  Таму я веру, што надыйдзе час … (і гэтак далей, паводле шматкроць чутага тэксту). Жартую.
Ну а калі праўда, то па-першае: што такое Эўропа? Этымалягічна гэтая назва ёсьць каляніяльнаю спадчынаю ў дачыненьні да карэнных насельнікаў эўрапэйскае тэрыторыі, і пакінулі яе старажытныя грэкі, якія сябе Эўропаю не лічылі, бо “эрэб” для іх – гэта літаральна змрок, поўнач, барбарства. Дый цяпер Эўропаў некалькі, па геаграфічным крытэры: заходняя, ўсходняя , паўднёвая-цэнтральная – і кожная мае сваю спэцыфіку. На ўсіх мапах Эўропай пазначаюць дакладна ўсю тэрыторыю да Ўральскага горнага хрыбту, хоць мабыць некага (дый мяне крыху таксама :)) “перадзёргівае”, калі Расею да Эўропы залічваюць. Ну што ж тут зробіш, комплекс уласнае звышвартасьці характэрны для шмат якіх паланёных народаў у дачыненьні да іхніх захопнікаў: узяць хоць бы тых жа габрэяў :), альбо узгадаць славуты сам ведаеш чый выраз, што “беларусы – тыя ж расейцы, толькі са знакам якасьці”. Праўда, не была ў Расеі, таму ня маю права меркаваць, як яно там.
Так, яшчэ хацела тут адзначыць, што назва Эўропа – гэта штучнае ўтварэньне, якое, як і ўсе мэтанаратывы мінулага ды сучаснасьці, мае пераважна ідэалягічную функцыю і з марсіянскага гледзішча ёсьць гэтакім жа абсурдам, як і ідэя пра “ўсеагульнае славянскае брацтва” альбо чысьціню арыйскае расы. Праўда, усё нашае сусьветнае грамадзтва корміцца толькі  мяшанкай энтэртэйнмэнту ды ідэалёгіі, да такой ступені зьнітаванай, што большасьць насельніцтва сусьвету вераць. Я мабыць таксама шмат у што веру. Зноў жа, мабыць я замала была ў Эўропе (у “рэальнай”, сапраўднай), таму гэта больш падобна на нейкі ідэал, ці што?
Так, я хацела б лічыць сябе “эўрапэйцам”; я нават некалі такую “адмазку” выкарыстоўвала замест адказу на пытаньне аб тым, навошта я паступала на ГФФ, калі ў школе працаваць не зьбіраюся? Я казала штосьці кшталту: веданьне замежных моваў – неабходная якасьць для кожнага маладога эўрапэйца. Звычайна глядзелі тады з большаю павагаю, і вядома самаацэнка так падвышалася ад гэтага :)). Так, у нас для большасьці народу пачуць пра сябе ці сваё “па-эўрапэйску” або “як у Эўропе” – за гонар. Па-эўрапэйску – гэта пра дабрабыт, культуру  і г.д. Ага, вось менавіта, што называецца, дайшлі: пра культуру. Так, окэй, добра, я адчуваю сябе эўрапэйцам, бо гэта культурны кантэкст, які я (маю спадзеў) разумею. Гэта кнігі, якія я чытала, музыка, якую слухала, архітэктура ці філязофія, якой захаплялася і г.д. (маю на ўвазе перадусім “заходнеэўрапэйскую”). Ну добра, таксама і аўтастоп :))), і ўсё астатняе. Хоць фактычна цяжка разьмежаваць, дзе тут “эўрапэйскае”, дзе “амэрыканскае”, па-мойму тут так усё непарыўна павязана… Але ў глябальным маштабе Штаты таксама да “заходняэўрапэйскіх” краінаў залічваюць.
Здаецца, яшчэ нічога не сказала пра павагу да “эўрапэйскіх каштоўнасьцяў” – правоў чалавека, дэмакратыі і г.д. Але па-першае, гэта і так зразумела (ну, калі гэта valid criterion, то няхай будзе), а зь іншага боку, зноў жа банальна-цынічная зацемка, што ў чыстым выглядзе нічога такога ня існуе ні ў воднай эўрапэйскай (дый любой іншай!) краіне – ок, гэта ўжо больш надаецца да арсэналу штатнага камэнтатара бэ-тэ, а мы лажаць эўрапэйскую ідэю ня будзем :).

Аляксей Бука, грамадская ініцыятыва “Партнэрства”, в. Валодзькава, Глыбоччына:
Я лічу сябе эўрапейцам, як чалавек, які жыве ў частцы свету, у Эўропе. Беларусы маюць і гістарычныя сувязі з Эўропай і падобныя гістарычныя рамкі.

Гэтак жа цяжка адказаць на пытаньне, дзе ж ёсьць цэнтар Эўропы. Вось якія адказы мы атрымалі:

Юрась Калбасіч, супрацоўнік газэты “Вольнае Глыбокае”, Глыбокае:
Безумоўна, цэнтр Эўропы – гэта турыстычны брэнд. Па гэтай прычыне я з гонарам заяўляю, што цэнтар Эўропы ёсьць на Глыбоччыне, паблізу возера Шо.

Яўген Бука, магістрант, Шаркоўшчына:
Чуў, што геаграфічны – недзе ў Беларусі, хаця тое ж
самае сьцвярджаюць і Польшча і Літва. А вось
рэальны... Я б назваў Франкфурт, хаця і зноў жа на сто
адсоткаў умоўна.

Павал Скрабнёў, супрацоўнік цэнтра IATP, Віцебск:
В современном мире таким центром может быть даже не географическое
место, а организация или что-то еще, которая идеологически и духовно
ассоциируется с Европой. На сегодняшний момент я такого не знаю. Это
не значит, что его нет. Я просто могу не обладать нужной информацией.

Надзея Бабіч, рэсурсовы цэнтар “Барміца”, Глыбокае:
Цэнтар Эўропы – ня больш чым яшчэ адна турыстычная атракцыя, разам са «славутымі землякамі, маляўнічымі краявідамі і  цудоўна захаваўшыміся помнікамі архітэктуры». Гэта калі гэаграфічны цэнтар. Але ізноў жа, гледзячы як лічыць – разам з выспамі ці бязь іх; тады розныя кропкі атрымліваюцца :). Палітычны ж цэнтар, гэта калі разумець Эўропу перадусім як Эўразьвяз, - то там, дзе Эўрапарлямант знаходзіцца, там, дзе прымаюцца найбольш значныя для лёсу Эўропы рашэньні.
Але фактычна, Эўропа для кожнага – гэта нешта сваё, адрознае ад таго, што іншыя пад гэтым разумеюць, таму скажу так даволі патасна:  цэнтар Эўропы – у сэрцы кожнага з нас. Гэта той куточак Эўропы, дзе яны ўпершыню з захапленьнем / замілаваньнем / гонарам / зайздрасьцю / пагардаю вымавілі ці падумалі «гэта вось Эўропа»; гэта тое месца, якое зрабілася паваротным пунктам у іхнім стаўленьні да Эўропы – хай гэта будзе беластоцкі «рынэк», альбо віленскія брукаваныя вулкі, альбо які-небудзь гішпанскі пляж ці штось іншае. А нават не абавязкова й месца – можа быць зьява, хай Бітлз, ці Кафка, ці Салідарнасьць, ці Другая Сусьветная вайна--- Усё што заўгодна, што чалавек пачне пералічваць, адказваючы на пытаньне «з чэво начынаецца… Эўропа» для яго асабіста.

Усходняя-Цэнтральная Эўропа?
З чаго пачынаецца Эўропа? Вось, як раз тое пытаньне, на якое мы павінны самі сабе адказаць. Калі заходняя мяжа проста ўпіраецца ў Атлянтычны акіян, наконт усходняга рубяжа няма адназначнага адказу. Па-першае, Эўропы якой? Геаграфічнай? Палітычнай? Палітычна мы па-за межамі Эўропы, а геаграфічна ў ейным цэнтры. Альбо крыху на ўсход ад цэнтру.
Яшчэ ў 1952 годзе выкладчык Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту Оскар Галецкі напісаў кнігу “Гісторыя Ўсходня-Цэнтральнае Эўропы”, да якой, выглядае, можна было б аднесьці і Беларусь.
Сп. Галецкі пісаў: “Вывучаўшы і выкладаўшы Усходне-Эўрапейскую гісторыю шмат год, я, зразумела, заўжды спрабаваў уключаць гісторыю ўсіх краінаў, што ляжаць на ўсход ад Нямеччыны. Але робячы гэта, я ўсё больш асэнсоўваў, што варта вылучаць і адрозьніваць тры розныя галіны ў гэтае навуцы. Два зь іх, усеагульна прызнаныя, вядомыя многім дасьледнікам у розных краёх і выкладзеныя ў шматлікіх падручніках і гістарычных досьледах.
Гэта гісторыя Бізантыйскае Імпэрыі ў Сярэднявеччы, якая раней была замененая Отоманскай Імпэрыяй, і гісторыя Расейскай Імпэрыі, што ўтварылася ў Маскве ў больш сучасны пэрыяд. Аднак, застаецца гісторыя вялікай колькасьці люду, што як у Сярэднявеччы, гэтак і ў сучаснасьці жылі спаміж Нямеччынай і гэнымі імпэрыямі, часам у незалежных дзяржавах, а часам пад акупацыяй іхнымі магутнымі суседзямі.
Трэцяя галіна раўнаважка цікавая і значная, як і мінулыя дзьве, з-за ейнае ўнутранае калярытнасьці. Нягледзячы на вялікую разнастайнасьць, яна прадстаўляе выразную еднасьць, якая займае спэцыяльнае мейсца ў развоі чалавецтва, што я паспрабаваў адлюстраваць у маёй ранейшай кнізе “Межы і падзелы Эўрапейскае гісторыі”. На жаль, увесь гэты рэгіён Эўропы занядбаны ў вучэньнях і падручніках аб агульнай і эўрапейскай гісторыі, як і ў інтэрпрэтацыях гэтае галіны. Няма ніводнага падручніка для студэнтаў, які б памагаў ім зразумець супольнае мінулае гэтай вялікай тэрыторыі. Гэтаксама не існуе ніякіх падрабязных дасьледваньняў на суд чытачом, якія адчуваюць, што шырокі гістарычны аналіз патрэбны для асэнсаваньня сучасных падзеяў.Таму, застаецца цяжка ахапіць важкасьць мноства народаў паміж Нямеччынай і Расеяй, чыё супольнае насельніцтва пераўзыходзіць немцаў ці нават расейцаў.
***
Дэталёвае абмеркаваньне Сярэднявечча, з 10 стагодзьдзя і далей, і пэрыяду Адраджэньня, што звычайна разглядаецца як тыпова Заходняе разьвіцьцё, нельга было абыйсьці. Гэта было паглядам на жыцьцёвую важнасьць сярэднявечных традыцыяў для нацыяў, якія пазьней страцілі свабоду, і на культурную сувязь, якую стварыла Сярэднявечча і Адраджэньне паміж Заходняй Эўропай і тым, што можна назваць з-за адсутнасьці іншага тэрміну Усходне-Цэнтральная Эўропа.”
Чытаючы кнігу прафэсара Оскара Галіцкага, які родам з Польшчы, чытач ня знойдзе рэфэрэнцыяў наконт Беларусі, але нават у пачатку напаткае згадкі аб нашых Балтыйскіх суседзях. Кніга напісана ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, як раз у той час, калі беларусы ня мелі сваёй дзяржавы. Але дагэтуль ёсьць шмат супярэчнасьцяў, ці варта нас адносіць да тае тэрытарыяльнае еднасьці, якую намаляваў Галіцкі. Калі мы ня больш за расейскі прыдатак, то цьвёрда НЕ. Гістарычна мы належылі менавіта да прасторы Усходне-Цэнтральнае Эўропы. Гады ВКЛ і Рэчы Паспалітай шматкроць сустракаюцца ў кнізе, але не згадваюцца тэрміны “Беларусь”, “беларусы”. Наша Адраджэньне прайшло тады, калі мы не былі яшчэ беларусамі. Цяпер жа мы балянсуем на лязе страціць уласную незалежнасьць і гістарычную пэрспэктыву вярнуцца ў Эўропу.
Апошнім часам, асабліва пасьля таго, як возера Шо на Глыбоччыне назвалі Цэнтрам Эўропы, глыбачане, асабліва мясцовыя краязнаўцы сталі голасна рэклямаваць гэты брэнд. Аўтар гэтага артыкулу, працаваўшы ў штотыднёвіку “Вольнае Глыбокае”, нават жартам прыдумаў рэклямку для ВГ пад слёганам “Цэнтральнаэўрапейскае газэта”.
У сваю чаргу яшчэ да адкрыцьця цэнтра Эўропы беларускімі географамі, ў Паставах зьявіўся бюлетэнь мясцовых НДА пад назвай “Крэсы Эўропы”. Напаўжартам рэдактар і заснавальнік выданьня Міхал Гіль акрэсьліў межы Эўропы правёўшы лінію па kresach wschodnich, адрэзаўшы ад кантынэнту Полацак, Віцебск, Смаленск і Маскву. Ведаючы спэцыфічны гумар Міхала, зразумела, што ніякае абразы для астатняе Беларусі ён зрабіць не хацеў, але ўступіў у жорсткі дыскурс, найперш, з рэдактарам “Вольнага Глыбокага” Уладзімірам Скрабатуном, які часта рэклямуе брэнд “цэнтар Эўропы”. Паводле “крэсаў” М. Гіля Глыбоччына робіцца ня цэнтрам, а памежнай тэрыторыяй.
Жартуючы, Гіль кажа: “Калі Глыбокае – цэнтральнаэўрапейскі горад, дык Паставы – заходнеэўрапейскі”.
Спрэчкі патрыётаў сваіх гарадоў Скрабатуна і Гіля выглядаюць камічна, але тым больш падкрэсьліваюць нявызначанасьць, блытаніну кантэкстаў, дэфініцыяў, якая цяпер пануе ў Беларускай палітычнай геаграфіі.
Кансэнсус тут можа быць знойдзены ў вышэй згаданым і часта ўжываным тэрміне, як беларускімі, так і замежнымі дасьледнікамі, - Цэнтральна-Усходняя Эўропа (далей ЦУЭ).
Цяжка сказаць, дзе Эўропа мусіць пачынацца, бо падобнае рашэньне мусіць прыняць уся Эўропа, а наш народ мае вызначыцца, хто мы, што мы і зь кім мы. Тады будзе ясна ці канец палітычнай Эўропы за Тэрэсполем, ці як казаў адзін знаёмы ксёндз “Gdzieś tam, za Witebskiem!” альбо, як паводле геаграфіі, за Ўралам. Тэрмін “Цэнтральна-Усходняя Эўропа” прыбірае гэтую палітычную напружанасьць, але не адказвае на пытаньне, якое паставіла вышэй Надзея Бабіч: “З чаго пачынаецца Эўропа?” Разам з тым гэтае паймо лучыць нас з такімі ўжо эўразьвязаўскімі краінамі, як Польшча, Летува і Чэхія, вяртае нас у той сярэднявечны рэнэсансны акрэс, калі мы былі паўнавартасна эўрапейскім народам. Эўразія тэрмін куды больш канфліктны і кантравэрсыйны, чым ЦУЭ. Называць сябе Цэнтрам Эўропы гучыць патасна і непраўдападобна. Нават калі гэта турыстычны брэнд, як заўважыў Юрась Калбасіч, любы тавар трэба прадаць. А наша самаізаляцыя робіць маркэтынгавыя высілкі вакол возера Шо практычна безсэнсоўнымі. Але ад іх нельга назаўжды адмаўляцца. Добрыя ідэі трэба выношваць, а, як толькі зьявіцца мажлівасьць, рэалізоўваць і рана ці позна яны будуць прыносіць свае дывідэнты.
Пакуль жа мы ўпісваемся хутчэй нават не ў ЦУЭ, а у Эўропу ўсходнюю, пра якую кажуць ужо ня як пра еднасьць шырокае прасторы народаў (ад Чэхіі да Расеі), а пра ўласьціва нашыя пост-савецкія абшары – ад Уралу да межаў Эўразьвязу.
І то Усходняя Эўропа (далей УЭ) таксама ня мае стоадсоткава адназначнага вызначэньня. Некаторыя заходнія географы залічваюць да УЭ краіны былога Ўсходняга Блёку, часам выключаючы Расею, а часам і іншыя краіны былога Савецкага Саюзу. Гэты стары і тэндэнцыйны падыход цяпер сустракаецца ўсё радзей, але яшчэ прысутны ў геапалітычнае літаратуры.
Больш шырока распаўсюджана дэфініцыя УЭ, як еднасьці краінаў, што прасьціраюцца ад Уралу альбо Заходняй мяжы Расеі да заходніх межаў СНД (усходніх межаў ЭЗ). УЭ уключае ў сябе выключна раней артадаксальныя і ісламскія краіны. Каталіцызм Kresow Wschodnich ужо даўна перастаў быць дамінуючым. Большасьць сучасных глыбачанаў і пастаўчанаў - праваслаўныя.
Наша ж прысутнасьць у ЦУЭ хутчэй залежыць ад нашага палітычнага выбару, чым ад геаграфіі. Межы Эўропы маюць цудоўную ўласьцівасьць перасоўвацца. У Беларусі ёсьць перадумовы ўвайсьці ў ЭЗ, мабыць ня хутка, але праз некаторы час, гэта стане рэальнасьцю, а не фантазіяй часткі насельніцтва. Тады межы Эўропы крысталізуюцца дакладна ўжо на ўсход ад нас. Пытаньне толькі дзе і як далёка. Будзем мы памежжам Эўропы ці яе сапраўдным геаграфічным цэнтрам залежыць ня толькі ад дэмакратычнасьці Беларусі, але і нашай усходняй суседкі і гатоўнасьці эўрапейцаў пасунуць мяжу на ўсход. Ці будзе калі-небудзь Расея вольнай ад тыраніі і аўтакратыі? Ці стане яна эўрапейскай краінай? Калі аб беларускіх пэрспэктывах усё ж можна казаць з пэўнай доляй аптымізму, наконт Расеі на гэтыя пытаньні адназначна адказаць ня можа ніхто. Ні беларусы, ні расейцы. Менавіта гэтая палітычная нявызначанасьць як нас, так і Крамля, яшчэ крыўда вялікай часткі Эўропы на расейскую акупацыю выклікаюць бясконцыя спрэчкі вакол таго, дзе Эўропа мусіць заканчвацца. Украіна сваёй памаранчовай рэвалюцыяй пачала прабіваць сьцяну тупіка дэфініцый. Наступнага кроку сьвет чакае ад нас. Але гэта ўжо зусім іншая тэма.

Hosted by uCoz