Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Ігнат Дамейкa

 

У Дзеркаўшчыне захаваліся рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Дамейкаў. І перад тым, як пісаць аб мэце маёй паездкі ў гэтую вёску, трэба ўсё ж згадаць аднаго са слынных прадстаўнікоў гэтага роду — Ігната Дамейку.

25 студзеня 1889 года ў сталіцы далёкай Чылі Сант’яга амаль адначасова зазванілі званы ўсіх касцёлаў. Трывожныя, пералівістыя гукі запоўнілі ўсе вуліцы і завулкі горада. Людзі кідалі свае заняткі і спяшаліся да цэнтральнага пляца сталіцы. Яны ўжо ведалі: там пачыналася цырымонія пахавання вялікага грамадзяніна Чылі Ігната Дамейкі, вестка пра смерць якога хутка разляцелася ва ўсе канцы краіны.

Калі на шырокім пляцы перад урадавым палацам сабраўся агромністы людскі натоўп, каля ўстаноўленай там труны з целам славутага вучонага выступіў сам прэзідэнт рэспублікі Бальмакеда, які нагадаў пра вялікія заслугі памерлага перад краінай і аб’явіў аб наданні Ігнату Дамейку звання нацыянальнага героя Чылі.

Але не толькі перад чылійцамі заслужыў высокую пашану Ігнат Дамейка. Сваё імя праславіў ён яшчэ задоўга да прыезду ў Чылі. Праславіў як адзін з актывістаў вядомага віленскага згуртавання моладзі — Таварыства філаматаў і як удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў на Беларусі і Польшчы.

Нездарма геній сусветнай літаратуры Адам Міцкевіч зрабіў Ігната Дамейку адным з персанажаў сваёй славутай паэмы “Дзяды”. Яго ж вобраз вывеў паэт і ў другім сваім шэдэўры — паэме “Пан Тадэвуш”.

Памяць пра Ігната Дамейку свята ўшаноўваецца ў далёкай паўднёваамерыканскай краіне. Калі хто з землякоў-беларусаў трапіць у Чылі, ён відаць, не праміне, каб хоць здалёк не зірнуць на велічны тысячакіламетровы горны хрыбет, які пазначаны на ўсіх картах як Кардыльеры Дамейкі, каб не наведацца ў прыгожы і светлы горад Дамейка ў зялёнай даліне каля падножжа гэтага горнага хрыбта і каб не суняцца хоць на хвіліну ў невялікім зацішным порце на самым беразе Ціхага акіяна – Пуэрта-Дамейка ці ў мястэчку Пуэбла-Дамейка на вышыні 975 метраў над узроўнем мора. Усе гэтыя геаграфічныя мясціны названыя ў гонар таленавітага і працалюбівага сына Беларускай зямлі. А ў сталіцы Чылі Сант’яга падарожнік абавязкова пастаіць і з пашанай схіліць голаў перад велічным помнікам з выяваю славутага беларуса і выбітым на граніце лаканічным надпісам на іспанскай мове – Грандэ Эдукдор, што па-нашаму азначае — Вялікі Асветнік.

Іменем Ігната Дамейкі названыя вуліцы ў чылійскіх гарадах Антафагаста, Вальпараіса, Какімба, Кап’яна, Ла-Серэна, Пунта-Арэнас, Пуэрта-Наталес, Сант’яга, Тэмуко, Чаньяраль, а таксама на Галоўных могілках чылійскай сталіцы, дзе знаходзіцца сямейны маўзалей Дамейкаў. А яшчэ імя Дамейкі носяць асобныя чылійскія навучальныя ўстановы, бібліятэкі, шахты, грамадскія аб’яднанні і нават заснаваны ў 1950 г. у Пуэбла-Дамейка Саюз футбалістаў “Дамейка”.

Ігната Дамейку шырока ўвекавечыў і вучоны свет. Яго імем назвалі адкрыты ім у чылійскіх гарах мінерал дамейкіт, аманіт аманітэс дамейканус, выкапнёвы слімак науцілюс дамейкус, а таксама знойдзены і апісаны Дамейкам від фіялкі — віёла дамейкана.

Жывучы ў далёкай Чылі, Ігнат Дамейка не забыў роднай беларускай мовы. Пра гэта сведчыць тое, што ў сваіх нататках “Філарэты і філаматы”, напісаных у 1870 годзе, г.зн. амаль праз 50 гадоў пасля выезду з Беларусі, ён амаль слова ў слова ўспомніў і прывёў тэкст беларускай песні Яна Чачота*.

Вось гэты біяграфічны фон, які звязаны са славутым навукоўцам, заахвоціў мяне на прыезд у Дзеркаўшчыну. Тут некалі быў маёнтак роду Дамейкаў. Уладальнік тутэйшага маёнтка, так ці інакш, быў у сваяцкай сувязі з Ігнатам Дамейкам. Аднак у нас, пакуль, няма ніякіх звестак аб тым, што Ігнат Дамейка, хоць раз мог наведаць маёнтак сваіх сваякоў у Дзеркаўшчыне.

Асабліва вялікіх звестак пра маёнтак Дамейкаў у Дзеркаўшчыне, на жаль, пакуль няма. Магчыма, гэта праблема часу. Тое-сёе мы знайшлі ва ўспамінах Яніны Эрман (Janina Ehrman) з дому Паплаўскіх, якая нарадзілася ў Вільні ў 1891 годзе. Па лініі маці Лявоніі Дамейка (у замужжы Паплаўскай) была параднёная са слынным родам Дамейкаў з Наваградчыны. Яе бабуля (Яніны Эрман) Анеля Дамейка з Гервят была жонкай Аляксандра Дамейкі, роднага брата Ігната Дамейкі. Між тым Яніна Эрман была стрыечнай унучкай Ігната Дамейкі. Яна пражыла 96 гадоў, памерла ў 1987 годзе. Пакінула рукапіс аб сваім жыцці. Рукапісам зацікавіўся Марыюш Германовіч, прафесійны фатограф, унук Яніны Эрман, які стала пражывае ў Францыі. Успаміны былі апублікаваныя**. Сярод іх можна прачытаць такія радкі:

“... Памятаю і ясна бачу нашае першае падарожжа да Сітцаў, барвы ранняга летняга світанку, неба блакітнае, тое ранішняе абуджэнне, бы наша апякунка магла нас падрыхтаваць і прыбраць. Першы раз ехалі чыгункай ад Сітцаў да станцыі чыгуначнай Глыбокае.

Пасля смерці Аляксандра Дамейкі, які быў перадапошнім маршалкам Шляхты Віленскай (пасля яго толькі граф Адам Броэль-Плятэр), Сітцы належалі яго жонцы Бабуні Дамейка.

Сітцы былі багатай уласнасцю, якая складалася ўласна з двух маёнткаў: Сітцы і Дзеркаўшчына і колькіх фальваркаў: Вянуцін, Ямна і іншых (абшар 7000–8000 дзесяцін). Пасля Першай сусветнай вайны абшар гэты зменшыўся праз маёнткавую даніну, потым сельскую рэформу, адзін з фальваркаў з пабудовамі быў падараваны слузе Ежы, які ў 1914-1918 гадах аддаў вялізныя паслугі, ратуючы перад бальшавікамі дом і любімую аранжарэю. Той прыстойны чалавек быў у 1940 годзе вывезены ў Сібір з усёй раднёй за аказаныя ўласніку маёнтка паслугі. Такі лёс напаткаў усіх леснікоў і бедных асаднікаў, тых людзей, якія бралі ўдзел і змагаліся за незалежнасць Польшчы, і за тое атрымалі зямельныя надзелы.

Род Дамейкаў паходзіў з Наваградчыны, дзе былі іх маёнткі: Мядзведкі, Жыбуртоўшчына і Заполле Ігната Дамейкі.

Сітцы мелі вялізны лясны абшар і багатае на рыбу возера ў Дзеркаўшчыне, якое было набыта раней. Пражываў там Лявон Дамейка, але не памятаю ў якіх гадах.”

Лявон Дамейка навекі пакінуў свой след у Дзеркаўшчыне ў выглядзе тутэйшага касцёла. На тыльным баку храма ўмураваная памятная шыльда, якая паведамляе: “С.П. Лявон, сын Казіміра Дамейкі – фундатар гэтага касцёла. + 1845 года, ліпеня 29 дня, на 78-ым годзе жыцця”. Праўдападобна, тут, ля сцен касцёла, ён і пахаваны. Адна з шыльдаў паведамляе, што касцёл пабудаваны 7 мая 1822 года. Згодна мясцовай легенды, Лявон Дамейка будаваў касцёл нелегальна, пад выглядам сельскагаспадарчай пабудовы. Потым царскія ўлады былі пастаўлены перад фактам – пабудаваны ўсё-такі касцёл, а не свіран, і ён быў легалізаваны. Дзеркаўшчынскі касцёл – помнік архітэктуры эклектыкі. Тут змяшаўся класіцызм і матывы тагачаснага беларускага мураванага дойлідства – найперш у выглядзе разынкавай муроўкі сцен.

Двор Дзеркаўшчына адзначаны на картах сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У 1920-30-ыя гг., калі наш край уваходзіў у склад польскай дзяржавы, на тэрыторыі сённяшняй вёскі Дзеркаўшчына існавалі тры населеных пункты: фальварак Дзеркаўшчына, маёнтак Дзеркаўшчына і вёска Дзеркаўшчына. На 1 студзеня 1930 года ў фальварку Дзеркаўшчына Глыбоцкай гміны пражывала 70 жыхароў, якія апрацоўвалі 428 дзесяцін зямлі, у маёнтку Дзеркаўшчына – 50 жыхароў, зямлі належала 346 дзесяцін, у вёсцы Дзеркаўшчына пражывала 400 жыхароў, якім належала 342 дзесяціны зямлі. Мы завіталі ў тую частку Дзеркаўшчыны, дзе існаваў маёнтак Дамейкаў. На дарожнай шыльдзе, чамусьці, напісана “Дзеркаўшчына ІІ” , хаця, афіцыйна, сённяшняя вялікая вёска Дзеркаўшчына складае адно цэлае. Алея з вялізных таполяў срэбных на вясковай вуліцы, якая засталася з даўніх часоў, не дае падстаў для сумневу: тут быў маёнтак Дамейкаў.

На вясковай вуліцы я апытаў некалькіх людзей паважанага ўзросту: “Што вы памятаеце пра маёнтак Дамейкаў?”

— Нашы бацькі куплялі ў пана Адамейкі зямлю, — такі, амаль слова ў слова, быў стандартны адказ кожнага старажыла. Здзіўляла толькі тое, што ўсе, як адзін, Дамейку яны называлі Адамейкам. Тых, хто працаваў у пана, я не знайшоў. Называлася колькі прозвішчаў, але гэтых людзей няма ўжо сярод нас. Праўда, уразіла дасведчанасць спадарыні Махніс, якая нешта, недзе, чытала пра Ігната Дамейку. Ведае яна, што ён вельмі вядомы вучоны. Што дзеркаўшчынскія Дамейкі былі сваякамі Ігната Дамейкі, яе зусім не здзівіла.

На ўзвышшы, што ў Дзеркаўшчыне ІІ, растуць вельмі старыя ліпы.

- Там мог быць драўляны “палац” Дамейкаў, — падумаў я і пастукаў у дзверы хаты, якая стаіць у засені векавых дрэў.

Тут жыве Анатоль Гвідонавіч Папіна, вайсковец, працуе ў Беразвеччы. Мэта майго візіту ў яго двор ніколькі гаспадара не здзівіла. Сказаў, што жыве ў гэтым доме каля трох гадоў. Да гэтага жыў Іосіф Чарнянін, у якога ён набыў свой дом. Хто быў Ігнат Дамейка – ён ведае, як ведае і тое, што ягоны дом стаіць на месцы драўлянага “палаца” Дамейкаў. Больш таго — яго дом пабудаваны з бярвення разабранага “палаца”. Усяго з матэрыялаў былога “палаца” – па словах Анатоля – у Дзеркаўшчыне збудаваны тры жылыя дамы.

— Падмуркі колішняга “палаца” праходзяць наўпрост перад маімі вокнамі, — кажа спадар Анатоль. Тут усюды — падмуркі, куды не торкніся. А вось збоку ад маёй хаты, пад старымі ліпамі — руіны Дамейкавай лядоўні. Побач з лядоўняй — былая панская студня на 16 цэментавых цэмбравін. Раней, зразумела, усё было драўлянае. Ёсць і аўтэнтычны Дамейкаў хлеў, які накрыты керамічнай дахоўкай.

Мы падышлі да хлява (можа ў часы Дамейкі гэта быў і не хлеў, а штосьці іншае). Во, дзіва! Ён сапраўды накрыты чырвонай керамічнай дахоўкай. Я ўжо ведаў з колішняй паездкі ў Сітцы, дзе быў адзін з вялікіх маёнткаў роду Дамейкаў, што на аўтэнтычнай дамейкавай дахоўцы, з тыльнага боку, павінны быць адціснуты словы лацініцай: “V. Domejko”, “Sittce”. Анатоль зняў са страхі паўразбуранага хлява, які дастаўся яму “ў спадчыну ад Дамейкі”, два лісты дахоўкі. Так і ёсць! “V. Domejko”, “Sittce”.

— Да мяне ўжо прыязджаюць тутэйшыя “калекцыянеры” і просяць, каб я ім падараваў Дамейкаву чарапіцу, — кажа Анатоль.

— Не давайце нікому! Лепш бы яны Вам дапамаглі адрамантаваць хлеў. Усё ж, хлеў – рэліквія! Хоць нешта, акрамя старых дрэў, засталося ад Дамейкаў аўтэнтычнае. Невядома, як яшчэ зможа перавярнуцца хада гісторыі ў будучыні. Пачнуць, напрыклад, прыязджаць сюды турысты. Будзеце потым шкадаваць... Для гісторыі Дзеркаўшчыны трэба захаваць і парк сядзібы Дамейкаў, ці хаця б тое, што ад гэтага засталося.

— Ля хлява ўзвышаецца старая ліпа, — кажа далей Анатоль Папіна, — у ёй ёсць дупло. Кажуць, што пад час вайны партызаны складвалі сюды ўзрыўчатку і розную зброю. Праўда, са стопрацэнтнай дакладнасцю сцвярджаць не буду, можа гэта была і другая ліпа, якая расла побач. Яе спілавалі. Зрэшты, уздоўж дарогі, на ўзбочыне, раней ляжала шмат вялікіх спілаваных дрэў. Гэта была алея, якая вяла ў маёнтак. Яна часткова захавалася і цяпер.

Ад’язджаючы ў Глыбокае, я заўважыў, што пагорак, дзе стаяў колішні драўляны “палац” Дамейкаў, узвышаецца над нізінай, дзе працякае рака Маргва. Тут яе вытокі. Маргва пачынаецца са Стураўскага балота і праз колькі дзесяткаў кіламетраў, зліўшыся з Беразвіцай, упадае ў Дзісёнку.

Шапацелі лістотай старыя ліпы. Я згадаў радкі, у перакладзе на рускую мову, з твора Адама Міцкевіча****:

“Среди таких полей на берегу холмистом,
Где пробегал ручей с журчаньем серебристым,
Шляхетский старый двор стоял в былые годы,
Скрывали тополя его от непогоды,
И стены за листвой зелёной, вырезною
Издалека ещё светились белизною.
Уютный старый дом…»


* Ігнат Дамейка, “Мае падарожжы”. Мн. “Беларускі кнігазбор”, 2002 г., стар. 5-18
** “Magazin Polski”, №2-3 (16-17). Grodno, 1999 rok, st.77-82
*** Праўдападобна, што маецца на ўвазе касцёл у вёсцы Бабруйшчына Глыбоцкага раёна, дзе і зараз захаваўся паўразбураны драўляны касцёл Св. Антонія.
**** "Пан Тадэвуш"

Уладзімір Скрабатун
Апублікавана "Вольнае Глыбокае", №31 (278)
27 ліпеня 2005 года

Hosted by uCoz