Герб горада Глыбокае |
Язэп Драздовіч Нарадзіўся Язэп Драздовіч 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, што на Дзісеншчыне, былой Віленскай губерні. Тут, на ўскрайку маляўнічай Галубіцкай пушчы, і пройшло дзіцінства мастака. Немалая сям’я (у Язэпа было чытыры браты і адна сястра) рана засталяся без бацькі, і усе клопаты па гаспадарцы леглі на матчыны плечы. У пошуках лепшай долі не адно месца змяніла сям’я, арандуючы землі ў чужых гаспадароў. З малку абудзілася ў малога Язэпа любоў да роднага краю, да яго краявідаў. Цікавілі малога хлапчука і розныя рамёствы. Як зачараваны, глядзеў Язэп на рукі ганчара, у якіх звычайная гліна ператваралася ў прыгожыя стаўбкі, місы, дзіцячыя цацкі. Малюнкі дзяцінства былі невычарпальнай крыніцай натхнення, да якой і ў сталым веку не аднойчы будзе звяртацца мастак. Праз нейкі час малады Язэп падасца ў свет па навуку. Спачатку была вучоба ў Дзісненскай гімназіі, а ўвосень 1906 года збываецца мара юнака – атрымаць мастацкую адукацыю, ён паступае ў Віленскую мастацкую школу прафесара жывапісу І. Трутнева. У хуткім часе, пасля закрыцця Віленскага універсітэта ў 1832 годзе па загадзе Мікалая І Віленская рысавальная школа Трутнева стала адзінай навучальнай установай ў краі, якая давала мастацкую адукацыю. Да часу паступлення ў яе Драздовіча школа ужо мела свае педагагічныя і мастацкія традыцыі. Выхаваўцамі гэтай школы былі А. Ромер, М. Антакольскі, Э. Паўловіч. Настаўнікамі Язэпа былі прафесар І. Трунеў і мастак Рыбакоў. І. Трутнеў, які знаходзіўся пад вялікім уплывам расейскіх перасоўнікаў, у сваёй творчасці звяртаўся да жыцця простых людзей. Адлюстроўваў рэвалюцыйныя падзеі 1905 года ў Вільні. У час летніх канікул настаўнік вадзіў сваіх выхаваўцаў у самыя розныя куткі Беларусі і Літвы. Разам з вучнямі замалёўваў помнікі старажытнай культуры, драўлянай архітэктуры, прадметы народнага попыту. У школе будучы мастак атрымаў азы прафесійнай граматы і прайшоў школу акадэмічнага малявання і майстэрства. Усяго чатыры гады навучання – гэта уся “акадэмія” Язэпа Драздовіча. Удалейшым яго настаўнікамі стануць прырода, прага да пазнання і ў значнай ступені - інтуіцыя. З-за нястачы юны Драздовіч некалькі разоў мерыўся выехаць на заробкі за мяжу, - што не было рэдкасцю для тагачаснай Заходняй Беларусі. На шчасце, гэтага не адбылося, - хто ведае, як склаўся б ягоны лёс на чужыне? Юнак скончыў навучанне ў школе, часам, падрабляючы ў мастацкіх майстэрнях Яблоўскага і Пятроўскага. У сваіх успамінах мастак амаль не прыгадвае гады навучання ў школе. Відавочна, таго што выкладалася ў гэтай навучальнай установе, Драздовічу было мала. І гэта зразумела . Бясспрэчна, вялікую ролю ў станаўленні асобы і як мастака, і як грамадзяніна, культурнага дзеяча адыграла Вільня са сваім культурным агнём, са сваёй гістарычнай памяццю. І менавіта ў гэты Віленскі перыяд Драздовіч робіць свае першыя самастойныя работы з краявідамі роднай Дзісеншчы, дзе прайшло дзяцінства, афармляе вокладку “Беларускага каляндара на 1910 года .” На зыходзе 1910 года Язэп Драздовіч прызываецца на вайсковую службу ў расейскае войска. І вось цягнуцца доўгія цяжкія два гады вайскавай службы ў Саратаве. Потым былі курсы вайсковых фельшараў, служба ў амбулаторыі. Вайсковы лёс кідае Драздовіча па многіх усраінах Паволжа, закідвае ажно ў далёкі Іркуцк, але гэта ўсё не стала перашкодай для мастакоўскай працы. Там, па-над Волгай, нарадзілася шмат алегарычных твораў, якія Язэп Дроздовіч дасылаў у Вільню на адрас газеты “Наша Ніва”, менавіта тут Язэп Драздовіч зрабіў першыя спробы асэнсаваць Сусвет. Мастак спаквавля падступаўся да фантастычнай тэмы, захапленне якой праняслося праз усё яго жыцце. Ліхалецце Першай сусветнай вайны, якай ахапіла ўсю Еўропу, Язэп Драздовіч сустрэў у дзеючай арміі. У гэты перыяд Язэп Драздовіч захварэў на брушны тыфус. Два месяцы лазарэту, а потым - сямімесячны адпачынак з адведваннем радзімы. Неўзабаве зноў паклічуць вайсковыя дарогі... І ўсюда фельчар поруч з мастаком. Язэп і ў цяжкія гады ваенных нягодаў і клопатаў заўсёды ўлучаў хвілінку для творчасці, для самаадукацыі. У 1914г. выходзіць яго першая кніга “Курганная кветка”, вокладку для якой аформіў ён сам. Замовіў жа афармленне яго кнігі рэдактар Янка Купала. 1915-1916гг. Пазначаны многія графічныя творы мастака: “Пунькі”, “Гараватка”, “Стары вадаспуск”, “Стадолішча”, “Над Дзісёнкай” і інш. Поўны надзеі, Язэп Драздовіч сустрэў першы Усебеларускі кангрэс 1917г.. Пасля сямі год вайсковай службы мастак вяртаецца дамоў. Маці і братоў знаходзіць на гаспадарцы ў Красоўшчыне пад Германавічамі. Змены, якія неслі ідэі нацыянальнага адраджэння, адбіліся і на яго ўласным лёсе. Планаў шмат. І Драздовіч як мага хутчэй імкнецца рэалізаваць задуманае. Есць задума арганізаваць усебеларускую секцыю ці нават акадэмію мастацтва. І культурна-асветніцкая дзейнасць мастака дае свой плён. На радзіме ён стварае бібліятэку для народа, аматарскі тэатр. У сакавіку 1918г. у Менску была абвешчана БНР. Але дзяржаўнае будаўніцва Беларусі было прыпынена кайзераўскай акупацыяй і бальшавіцкім нашэсцем. 1 студзеня 1919г. у Смаленску стварае БРСР. Драздовіч прыязджае ў Менск і становіцца настаўнікам малявання ў сталічнай беларускай вышэйшай жаночай школе, адначасова працуе ілюстратарам у таварыстве беларускага мастацтва. У 1919-1920 гады Язэп Драздовіч становіцца мастаком-дэкаратам у Беларускім дзяржаўным тэатры, які ў тыя часы носіць назву Беларускай хаткі. У 1921 годзе Язэп вяртаецца на родную Дзісеншчыну, дзе праз некаторы час становіцца кааператарам. Неўзабаве ў 1924 годзе ён становіцца выкладачыкам мастацтва ў Глыбоцкай школе, а пасля Драздовіча-настаўніка паклічуць працаваць у Радашковіцкай і Наваградскай беларускіх гімназіях. У 1927 годзе здзейснілася яшчэ адна задума мастака – ён заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай гімназіі. Але праца не перашкаджа яго творчасці, а наадварот менавіта 20-я гады былі найбольш плённымі ў яго творчасці; вялікі ўплыў у гэты перыяд на Язэпа аказаў уздым ў Заходняй Беларусі нацыянальна-вызваленчага руху. У 20-я гады ён стварыў серыю малюнкаў і акварэлі “Глыбокае”, графічныя серыі “Піншчына”, “Мір”, “Любча”, “Ліда”, “Гальшаны”, “Крэва”, “Навагрудак і Навагрудчына” і інш. У 1931 года Язэп Драздовіч падаўся ў вандроўкі па родных мясцінах, зарабляючы маляваннем. Вясной і летам 1931 года Язэп Драздовіч напісаў шэраг карцінаў на касмічныя тэмы: “Падкружнікавы краявід на плянеце Сатурн”, “Астранамічная абсерваторыя на брылявіку”, “Касмаполіс”, “Сатурнянка” і інш. У канцы 1931 году мастак выдаў у Вільні брашуру “Нябесныя бегі”, у якой на падставе скрупулёзных падлікаў імкнуўся высветліць пытанні, звязаныя з вярчэннем Зямлі. Асобна спыніўся на абручах Сатурна, які лічыў самай цікавай плянетай Сусвету. Зімой 1931—1932 гадоў Язэп Драздовіч напісаў працу “Гармонія плянетаў Сонечнае сістэмы”. Рукапіс адаслаў у Акадэмію навук БССР і суправадзіў яго лістом: “Магчыма, што для Акадэміі навук такое пытаньне, скуль сьвет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсяяснае зорнае неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэньне паходжаньня плянэтаў Сонечнае сыстэмы і іх самакручэньня, а таксама гармоніі руху плянэтаў, для мяне гэта вельмі паважная рэч...” Гэтую сваю працу Язэп Драздовіч лічыў найбольшым здабыткам усяго свайго жыцьця. Пісьмо ў Акадэмію навук ён закончыў такой думкай: “Кожная адкрытая навуковая ісьціна, хоць бы нават у выглядзе ўдалае гіпотэзы, робіць гонар ня толькі той навуковай установе, якая налажыла на яго сваю апрабату, але і цэламу краю, і таму народу, зь якога яна выйшла”. Тым часам жылося мастаку, у матэрыяльным сэнсе, у гэты час надзвычай цяжка. У сваім дзённіку 1 студзеня 1933 году ён запісаў: “А працы на хлеб ніадкуль нідзе не чуваць. Сам ня ведаю, як жыць, што далей будзе. Надвор'е пахмурнае, акно нізкае, у хаце цёмна і цесна. Думаў узяцца за маляваньне, ды немагчыма. Дзень кароткі, ды і той нельга выкарыстаць”. Але і ў гэты цяжкі час мастак не адмовіўся ад сваіх іншаплянетных “падарожжаў”. Пісаў усё новыя раздзелы фантастычных аповесьцяў: “З жыцьця на Месяцы”, “Трывеж”, “Арыполь”, “Краіна дымнага неба”. Язэп Драздовіч бачыў усе жудасьці, якія адбываліся ў сьвеце, але ня траціў надзеі, што чалавецтва адумаецца, у рэшце рэшт апамятаецца. “І прыйдуць часы, калі бальшыня жыхароў нашай плянэты адмовіцца ад учасьця ў войнах, адмовіцца ад гэтага штучна ўзаконенага сярод вякоў сільнымі сьвету праз уладу сваю над людзьмі вялікага зладзейства, піхаючага цэлыя мільёны людзей на забойствы. І ўсю тэхніку з навукамі абернуць не на паслугі гэтаму зладзейству, а на добрае дзела. Не на праліваньне крыві, калецтва, асірочваньне (...), не на ламаньне касьцей, руйнаваньне ды падпальваньне будынкаў, ніштожаньне дару Божага, хлеба ды розных расьлін (...). А на адваротнае. На падтрыманьне жыцьця, каб яно было здаровым, высокакультурным, добрым, разумным і прыгожым” (Язэп Драздовіч). У пачатку 1934 году Язэп Драздовіч вярнуўся на бацькоўскую Дзісеншчыну. Часта бываў у свайго сябра, паэта і агранома Янкі Пачопкі ў Летніках. Калі Міхась Машара, які таксама прыходзіў у Летнікі, спрабаваў высмеяць лунанне Драздовіча ў бязмежжы сусвету, бачыў у гэтым марнатраўства таленту мастака, то Пачопка, наадварот, спагадаў Драздовічу. Адчуваючы падтрымку Пачопкі, Драздовіч стварыў новыя карціны на касмічныя тэмы: “Луніды”, “Жыцьцё на Марсе”, “Жыцьцё на Сатурне”, “Аргэнтонія”. Аргэнтонія, паводле Драздовіча, — гэта стратэгічна ўмацаваны горад-крэпасць месячан непадалёку срабрыстага цырку “Капернік”. “Артаполіс” у перакладзе з лацінскай мовы азначае “горад мастацтва”. У гэтай карціне мастак увасабляў сваю мару аб будучым, аб сацыяльным ладзе, дзе будзе прастор чалавечаму духу, творчасці. Драздовіч балюча ўсведамляў, што ўсё самае лепшае, прыдуманае людзьмі, ідзе на знішчэньне іх саміх. Але разам з тым ён не пераставаў захапляцца рэальным жыццём, узірацца ў яго, удзельнічаць у ім. Праз тэксты ягоных дзённікаў мы дазнаемся пра яго як цэласную асобу, чалавека шчырага і іранічнага: “На трэці дзень сьвята, па сьнеданьні, перад маім адыходам да другіх сваякоў, яны акружылі мяне ў рыдлёкі, хацелі мяне затрымаць, каб я памог ім перасаджваць у кветляным садзіку бэзы, але я адмовіўся”. “Мужыкі сьвяткуюць Вялікадні чатыры дні, шляхта — тры, а два — у паноў, а я хоць не мужык, але і не з паноў, і трэці дзень не парушу”, — сказаў і бодра-весела адышоў на Кучыншчыну”. “Хай не сьвяткуюць яго карысталюбівыя матэрыялісты, а я як не матэрыяліст, буду сьвяткаваць”, — дадаў я”. Дарэчы тут згадаць, што ў сваёй творчасці мастак звяртаўся да біблійных вобразаў. Ягонае рэлігійнае мастацтва яшчэ слаба вывучанае. Вядомыя яго некалькі разбяных фігураў, напрыклад, Майсей. У дзёньніку знаходзім адпаведны запіс аб гэтай працы: “Распачаў галаву правадыра жыдоўскага народу, тварца найстарэйшай тэорыі стварэньня сьвету — знакамітага Майсея. (...) Найбольш мне падабаецца ў ягонай тэорыі стварэньня Сьвету: “Бог стварыў чалавека на сваё падабенства”. Такой, уласнага гатунку эсхаталёгіяй і касмагоніяй поўняцца тэксты Драздовічавых лістоў, дзённікаў, артыкулаў. Як датклівы і ўражлівы чалавек, апроч сваіх “касмічных” сноў, ён дэталёва апісвае і іншыя свае бачанні: “А назаўтра раніцай, ужо дзяньком мне прывідзеўся сон. Быццам, знаходжуся на тым месцы, дзе малюю (Франусева гумно), стаю і гляджу ў бок возера Князь пад Бальнова, і віджу: ідзе наш спрадвечны Настаўнік — Хрыстос. (...) І здалося мне, што гэтая фігура, прастаяўшы недзе ў нейкім вясковым касьцёле (...), дачакалася канца сваёй векавечнасьці і ўцякае адтуль, ад зняверыўшых (...). Ліцо Яго было чыстае ад усялякае пагарды да асобы чалавека (...). Я ўкланіўся Яму. (...) А пад вечар таго ж дня якраз з таго боку, куды напраўляўся Хрыстос, і ўзышла ціхая хмарка, і пакрапіла спрагнёную зямлю густым дожджыкам. Але толькі там, дзе я быў — над Сталіцай”. Да гэтага здарэння мастак паставіўся са шчырым даверам. Тым больш, што ў тое лета засуха была сапраўды жорсткая. І вось пасьля такога прыгожага сну — дождж... І дзень той быў невыпадковы — 2 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у тамтэйшай Бальноўскай капліцы адбываўся штогадовы фэст. У 1935 годзе Драздовіч напісаў касьмічныя палотны “Піянеры Зямлі на Месяцы” і “Каналы Марса”. У адначассе Язэп Драздовіч вельмі любіў і ўсё жывое, што ёсць на Зямлі. У гэтым сэнсе ягоныя погляды перагукаюцца з экалагічнымі поглядамі Дубейкаўскага. І, мабыць, таму нараджаліся такія вось разважанні пра грэх: “Грэх у грамадзкім значэньні — зрабіць некаму зло альбо сьвінства. (...) А забіваць невінаватых жывёлаў на агульнапрынятых паляваньнях ці ловах — гэта ня грэх, а забава. А па-за гэтым павесіць на кол жывую варону, каб гэтым адстрашыць варонаў-шкодніцаў — таксама ня грэх? Рабіць з жывой вароны расьпятага мучальніка... Вісяць дзьве такія замёрлыя высахшыя “мучаніцы”. “Нашто гэта, цётка, — кажу, — варон сушыш? Ці не дзеля дажджу, каб яго не было?..” У 1948—1950 гадах Язэп Драздовіч напісаў манаграфію “Тэорыя руху ў касмалягічным значэньні”. Гэта плён яго роздумаў над гармоніяй руху плянэтаў. У 1948—1952 гадах ім напісаны шматлікія артыкулы на касмічныя тэмы: “Экліптыка”, “Як утваралася наша Сонечная сістэма”, “Аб тэлескапічным і мікраскапічным Сусвеце”, “Эфір і безэфір'е” і інш. Памёр Язэп Драздовіч у 1954 годзе, за тры гады да запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі. “Вы пра мяне яшчэ згадаеце...” — сказаў незадоўга да сваёй смерці Язэп Драздовіч. Беспрацоўны і бяздомны вандроўнік-мастак паміраў у чужой хаце ў поўным забыцці. Але ён меў рацыю — узгадалі. Пасля дзесяцігодзьдзяў нябыту... На жаль, бальшыня ягонае літаратурнае спадчыны і да сёння вядомая адно спецыялістам. Тым не менш сёння цікавасць да спадчыны Драздовіча відавочна будзе расці. |