Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Клаўдзій Сцяпанавіч  Душэўскі (Дуж-Душэўскі)

Душэўскі (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч [27.3 (паводле іншых звестак 26.4). 1891, мяст. (цяпер горад) Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні — 25.2.1959], беларускі палітычны дзеяч. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1912), дзе далучыўся да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, Летувіскі універсітэт (1927, Коўна). У 1912—18 вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Адзін з актывістаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта, удзельнічаў у выданні часопіса «Раніца», распрацоўваў тэму вывучэння старажытных гістарычных помнікаў і аховы даўніны. Паводле ўласнага сведчання Душэўскі стварыў эскіз нацыянальнага беларускага сцяга.

Пасля расейскай лютаўскай рэвалюцыі 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені—кастрычніку 1917 член ЦК грамады і яе прэзідыума. Удзельнічаў у з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917, Менск), ва Усерасейскай дэмакратычнай нарадзе (верасень 1917, Петраград) і інш. У 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. Ухваліў абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (разам з Вацлавам Ластоўскім належаў да яе памяркоўнага крыла). З красавіка 1919 у Вільні: член Беларускага нацыянальнага камітэта; у маі абраны старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, але з-за нязгоды з прапольскай арыентацыяй большасці рады ў ліпені склаў з сябе гэтыя паўнамоцтвы; з ліпеня ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Віленскі аддзел Саюза спажывецкіх тавараў Беларускага краю; адзін з ініцыятараў утварэння Беларускай вайсковай камісіі. Актыўна выступаў за дасягнеяне незалежнасці і непадзельнасці Беларусі.

Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік БНР у краінах Прыбалтыкі; пасля сесіі Рады БНР у Менску (снежань 1919) прызначаны яе дзяржаўным сакратаром ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі і пасля вызвалення (7.2.1921) эміграваў у Коўна. Да 1924 працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў, да 1930 — у Міністэрстве замежных спраў, потым у Міністэрстве сувязі Летувы. Прымаў удзел у беларускім грамадска-культурным жыцці, быў адным з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Летуве (з 1933 яго старшыня), Беларуска-Летувіскага таварыства. Рэдагаваў часопіс «Беларускі сцяг» (1922), прымаў удзел у выданні часопіса «Крывіч» (1923—26), выдаваў і рэдагаваў часопіс «Беларускі асяродак» (з 1933). Перакладаў на беларускую мову і выдаваў дапаможнікі для школ, у т.л. падручнікі па гісторыі сярэдніх вякоў і новага свету Р.Ю. Віпера. Выступаў за ўмацаванне дзяржаўна-палітычных сувязей паміж беларускім і летувіскім народамі, падкрэсліваў мірны характар іх аб'яднання ў мінулым у супольную дзяржаву ВКЛ.

Пасля акупацыі Летувы СССР зняволены ў турму (жнівень 1940 — чэрвень 1941). У жніўні 1943 арыштаваны ўжо ням.-фашыстоўскімі ўладамі за дапамогу грамадзянам габрэйскай нацыянальнасці, адбываў пакаранне ў канцлагеры каля мястэчка Правянішкі. У 1944—46 дацэнт Каўнаскага універсітэта. У снежні 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільні. Пасля новага арышту (люты 1952) як «актыўны беларускі нацыяналіст» асуджаны да 25 гадоў зняволення. Вызвалены ў красавіку 1955. Працаваў у інстытуце «Літбудпраект». Пахаваны ў Коўна.

Літ.:
Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / / ЛіМ. 1991. 3 мая;
Ждановіч В. Гісторыя аднаго кахання / / Бярозка. 1992. № 7 /8;
Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы... / / Звязда. 1992. 25 сак.;
Gudas K. Gudai iz Vilnius, Kaunas, 1934

Hosted by uCoz