Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Эліэзэр Бэн-Егуда (Эліэзэр Ітцхак Пэрэльман)

 

У сваёй наватарскай працы пра адраджэньне і адраджэнцаў моваў, выдадзенай у 1966 годзе, амэрыканскі лінгвіст Эйнар Хаўген напісаў: "Практычна заўсёды ля вытокаў гэтых рухаў стаіць адзін энтузіяст, які лепш за іншых бачыць незадаволенасьць свайго народу. Гэткія выхадцы з народу, чыя мова апынулася ў заняпадзе, матывуюць працу па адраджэньні мовы ня толькі чыста інтэлектуальнымі інтарэсамі – яны робяць унёсак у барацьбе за вызваленьне народу, зрабіўшы мову паўстанцкай зброяй і сымбалем еднасьці". У адраджэньні іўрыту, якое сталася адной з самых выбітных падзеяў у сучаснай лінгвістыцы, гэтым піянэрам стаў Эліэзэр Бэн-Егуда.  Эліэзэр Бэн-Егуда (Эліэзэр Ітцхак Пэрэльман) нарадзіўся ў беларускім мястэчку Лужкі 7 студзеня 1858 году. Як амаль усе тагачасныя жыдоўскія дзеці ў гэтых краёх, ён з маленства вывучаў старажытную гэбрайскую мову (іўрыт) - абавязковы элемэнт у рэлігійным выхаваньні. Ён выдатна вучыўся, і яго накіравалі ў вышэйшую рэлігійную вучэльню (ешыву), вучыцца на рабіна. Аднак, як і многіх іншых адораных маладых гэбраяў у тагачаснай Усходняй Эўропе, яго прывабіла сьвецкае жыцьцё - ён прамяняў ешыву на расейскую гімназію, якую скончыў экстэрнам у 1877 годзе. У той самы год Расея абвесьціла вайну супраць Атаманскай імпэрыі, каб дапамагчы сваім славянскім суродзічам - баўгарам атрымаць незалежнасьць ад туркаў. Ідэя вяртаньня баўгарам іхных правоў і адраджэньня баўгарскага народу на нацыянальнай глебе захапіла Бэн-Егуду. У 19 стагодзьдзі ўжо адрадзіліся колькі эўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў, у першую чаргу гэта нашчадак Атэнаў - Грэцыя (у 1829 годзе), а таксама нашчадак старажытнага Рыму - Італія (у 1849). Бэн-Егуда быў надзвычай уражаны гэтымі падзеямі і прыйшоў да высновы, што эўрапейская канцэпцыя самасьцвярджэньня нацыяў павінна быць ужытая і ў дачыненьні да ягонага народу, жыдоў . Ён быў перакананы, што калі нават баўгары, якія не належаць да нацыяў "клясычнай" старажытнасьці, маглі патрабаваць і дабіцца сваёй уласнай дзяржаўнасьці, то ўжо, тым болей, гэтага заслугоўваюць гістарычныя нашчадкі Ерусаліму, Біблейскі народ - жыды. Праўда, жыдоў у Эрэц-Ісраэль у 19 стагодзьдзі было зусім мала, а старажытная гэбрайская мова (іўрыт) фактычна ўжывалася толькі на пісьме, а не ў размоўным ужытку. Аднак Бэн-Егуда верыў, што гэтыя перашкоды магчыма пераадолець. Жыды павінны вярнуцца на сваю зямлю і ізноў загаварыць на сваёй мове. Натхнёны гэтымі ідэямі, Бэн-Егуда вырашыў сам пераехаць у Палестыну. Ён пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1878 годзе і спачатку вывучаў мэдыцыну ў Парыжы, каб у будучыні быць карысным для гэбрайскай грамады ў Палестыне. З прычыны кепскага здароўя (сухоты) Бэн-Егуда ня здолеў скончыць свае студыі, але гэта зусім не аслабіла ягоных перакананьняў, і ў 1881 годзе ён прыехаў у Палестыну, каб пачаць адраджэньне іўрыту паводле сваіх ранейшых плянаў. Яшчэ падчас знаходжаньня ў Эўропе ён глыбока прадумваў пытаньне адраджэньня і надрукаваў у гэбрайскіх часопісах колькі артыкулаў што да трайнога пытаньня: адраджэньне гэбрайскай нацыі, іхнай дзяржавы і мовы. Можна казаць, што гэныя раньнія артыкулы сталіся падмуркам сучаснага палітычнага сыянізму, бо яны ўлучалі ў сабе асноўныя элемэнты гэбрайскага нацыяналізму: палітыка засяленьня, адраджэньне іўрыту, гэбрайскай літаратуры і культуры на гістарычнай Бацькаўшчыне. Бэн-Егуда пасяліўся ў Ерусаліме, дзе, у розных грамадах, жыла пераважная большасьць жыдоў Палестыны, і з гэтай прычыны Ерусалім мусіў стацца цэнтрам распаўсюджваньня ідэяў адраджэньня па ўсяе Палестыне і сярод Дыяспары.  Бэн-Егуда распрацаваў некалькі плянаў дзеяньня. Тры самыя галоўныя пункты былі наступныя: "Іўрыт удома", "Іўрыт у школе" і "Словы, словы, словы".

Бэн-Егуда вырашыў размаўляць з кожным напатканым жыдом толькі на іўрыце.

Што да "Іўрыту ўдома", то яшчэ да ад'езду ў Палестыну, у выніку першай пасьпяховай працяглай размовы на іўрыце, Бэн-Егуда вырашыў размаўляць з кожным напатканым жыдом толькі на іўрыце. Наколькі вядома, гэтая першая размова адбылася ў кавярні на парыскім бульвары Монмартр з удзелам ці то Гецэля Зэліковіча, ці то Мардэхая Адэльмана. Переканаўшыся, што зь сябрамі ды знаёмымі ён можа пасьпяхова размаўляць на іўрыце, Бэн-Егуда вырашыў, што будзе карыстацца выключна іўрытам па прыбыцьці ў Палестыну. Трэба заўважыць, што гэта не мусіла складаць для яго ніякіх цяжкасьцяў, калі толькі ня браць пад увагу недахоп слоўнікавага запасу па пэўных тэмах. Бэн-Егуда зь вялікім энтузіязмам апісвае свае першыя размовы на іўрыце, калі ён з жонкай сышоў на бераг у Хайфе і гаварыў на іўрыце з абменшчыкам грошай, з карчмарам, зь ізвозчыкам. Ён напаткаў людзей, якія маглі даволі свабодна размаўляць на іўрыце, хоць і з памылкамі. Але Бэн-Егуда хацеў, каб жыды ў Палестыне размаўлялі выключна на іўрыце. Такім чынам, калі ў яго ў 1882 годзе нарадзіўся першы сын Бэн-Цыён Бэн-Егуда (больш вядомы як Ітамар Бэн-Аві), Бэн-Егуда прымусіў сваю першую жонку Дэбару даць абяцаньне, што яна ўзгадуе першага ў гісторыі сучаснасьці хлопчыка, які будзе размаўляць толькі на іўрыце.

Бэн-Егуда меркаваў, што гэта было б вельмі сымбалічна і вельмі важна для будучага адраджэньня. І бацькі гэтага дзіцёнка, і іхныя госьці мусілі размаўляць зь ім на іўрыце, прычым на вельмі розныя пабытовыя тэмы. А калі хлопчык урэшце загаворыць сам, Бэн-Егуда атрымаў бы жывы доказ таго, што поўнае адраджэньне мовы сапраўды магчымае.

Бэн-Егуда пісаў у прадмове да свайго слоўніка: "Калі можна адрадзіць мову, на якой перасталі размаўляць (і ад яе амаль нічога не засталося, як з нашай мовай), і зрабіць яе размоўнай, каб на ёй мог сказаць усё што пажадае, хаця б адзін чалавек, то без усялякіх сумненьняў яна можа стаць мовай зносінаў для ўсяго грамадзтва".

Так і атрымалася. Ітамар Бэн-Аві піша ў сваёй аўтабіяграфіі (хоць і занадта рамантычна) пра тыя суровыя захады, што прымаў Бэн-Егуда, каб ягоны сын чуў толькі іўрыт, а значыць зрэшты загаварыў толькі на ім. Напрыклад, калі да іх прыходзіў нехта, хто не валодаў іўрытам, Бэн-Егуда адсылаў сына у ложак, каб ён мімаволі не пачуў замежную мову. Таксама хлопчыку было забаронена слухаць "птушыныя сьпевы, іржаньне коняў, васьліны роў і шапаценьне скрыдлаў матылькоў, бо нават яны зрэшты зьяўляюцца замежнымі мовамі, прынамсі гэта дакладна ня быў іўрыт". Сын Бэн-Егуды загавырыў адносна позна - у чатырохгадовым узросьце. Ягоная маці ня здолела стрымаць абяцаньне, каб размаўляць з сынам толькі на іўрыце. Аднойчы, калі Бэн-Егуды ня было ўдома, яна мімаволі пачала сьпяваць сыну калыханку на сваёй роднай расейскай мове. Калі Бэн-Егуда прыйшоў раней, чым звычайна, і пачуў расейскую песьню, ён забег у пакой і пачаў крычаць. Ітамар так напісаў пра гэтую непрыемную сцэну: "Я быў надта спужаны, убачыўшы разьюшанага бацьку, а маці - у сьлязах і журбоце, і тады раптам маё маўчаньне скончылася, мае вусны адкрыліся".

Дзякуючы таму, што ў доме гадавалася іўрытамоўнае дзіцё, патрэбныя былі простыя словы для азначэньня пабытовых паўсядзённых прадметаў. Такім чынам, сам Бэн-Егуда прыдумляў словы на іўрыце для гэткіх прадметаў, як лялька, марозіва, сочыва, амлет, хустка, ручнік, ровар ды сотні іншых. Зь цягам часу дзіцёнак сталеў, а разам зь ім сталеў іўрыт, пашыраўся лексыкон, а карыстаньне іўрытам станавілася больш натуральным. Сапраўды, Бэн-Егуда і ягоная іўрытамоўная сям'я сталіся жывой легендай, дзейным прыкладам адраджэньня для іншых.

З усіх ступеняў праграмы Бэн-Егуды па адраджэньні іўрыту найбольшае значэньне мела праграма "Іўрыт у школе", і Бэн-Егуда гэта цудоўна ўсьведамляў. У сваіх першых артыкулах, якія ён пісаў яшчэ ў замежжы, ён разглядаў практыку расейскіх гімназій, калі расейская мова ўкаранялася сярод моладзі Расейскай імпэрыі (нават сярод тых, для каго расейская мова не была роднай), бо яна была адзінай мовай выкладаньня. Карыстаючыся падобнымі прынцыпамі, Бэн-Егуда прапанаваў, каб рабіны і школьныя настаўнікі ў Палестыне выкладалі ўсе прадметы на іўрыце: як рэлігійныя, так і сэкулярныя. Бэн-Егуда разумеў, што адраджэньне можа быць пасьпяховым толькі ў тым выпадку, калі на іўрыце свабодна загаворыць маладое пакаленьне.

Такім чынам, калі ў 1882 годзе Нісым Бэхар, дырэктар школы Torah & Avodah ("Біблія і праца") пры іерусалімскім коледжы Сусьветнага гэбрайскага альянсу запрапанваў Бэн-Егудзе пасаду настаўніка, ён ухапіўся за гэтую магчымасьць. Бэхар выдатна разумеў неабходнасьць выкладаньня на іўрыце, бо ўпершыню дзеці з розных жыдоўскіх абшчынаў мусілі навучацца ў адной клясе, і іхнай адзінай агульнай мовай быў іўрыт. Бэхар азнаёміў Бэн-Егуду з мэтадам выкладаньня іўрыта на іўрыце, без перакладу на іншыя мовы. Гэта быў мэтад, які ўжо ўжываўся для выкладаньня французскай ды іншых моваў. Бэхар меў досьвед выкладаньня паводле гэтага мэтаду ў істамбульскай школе Сусьветнага гэбрайскага альянсу, дзе ён працаваў дырэктарам да пераезду ў Ерусалім. З прычыны хваробы Бэн-Егуда папрацаваў настаўнікам зусім нядоўга, але ягоная праца была плённая. Ужо праз некалькі месяцаў вучні маглі свабодна размаўляць на іўрыце на пабытовыя тэмы - пра ежу і напоі, пра адзеньне, пра паўсядзённае жыцьцё, здарэньні і падзеі ўдома ці на вуліцы.

Бэн-Егуда разумеў, што ў гэтым палягаў посьпех адраджэньня. Калі дзеці маглі авалодаць іўрытам у школе, у малым узросьце, іўрыт фактычна станавіўся бы іхнай адзінай мовай у дарослым жыцьці. Бэн-Егуда пісаў: "Іўрыт прыйдзе з сынагогі ў школу, а з школы ён прыйдзе ў дом... і ажыве." (Гацві, 1886)

Гэтыя прадказаньні спраўдзіліся. Асабісты прыклад Бэн-Егуды і ягоныя посьпехі ў выкладаньні мовы вельмі станоўча ўразілі іншых вучыцеляў. Сапраўды, выкладаньне іўрыту сутыкалася з шматлікімі перашкодамі: не ставала падрыхтаваных настаўнікаў, падручнікаў, дадатковых матэрыялаў (як, напрыклад, гульняў і песьняў), тэрміналёгіі ды шмат іншага. Давід Юдэлевіч, адзін з тагачасных настаўнікаў, пісаў у 1928 годзе: "Мы пачыналі выкладаньне ў цяжкай атмасфэры - бяз кнігаў, без патрэбных выразаў і словаў, без дзеясловаў і сотняў назоўнікаў. Цяжкасьці, якія мы пераадолелі, каб пасеяць першае насеньне, не магчыма ані апісаць, ані ўявіць сабе... Бракавала навучальных матэрыялаў для пачатковых клясаў... Мы былі напаўнямыя, заікаліся, размаўлялі рукамі і вачыма." У тым самым рэчышчы пісаў яшчэ адзін выбітны настаўнік тых часоў Давід Елін: "Кожны настаўнік меў падручнік французскай ці расейскай мовы, і паводле гэтага падручніка ён сыстэматызаваў выкладаньне іўрыту... Нямашака моўных тэрмінаў. Кожны настаўнік уяўляў сабой Акадэмію Іўрыту, займаўся словатворчасьцю паводле ўласнага густу, і кожны ўжываў свае ўласныя тэрміны". Аднак зь цягам часу ўсе гэныя лінгвістычныя пытаньні вырашыліся і было ўзгадаванае пакаленьне моладзі, якое размаўляла толькі на іўрыце, што азначала посьпех адраджэньня.

Апрача работы з моладзю, Бэн-Егуда імкнуўся захапіць сваімі ідэямі дарослых. Некалькі гадоў ён пісаў артыкулы ў мясцовай газэце "Гахавацэлет", а ў 1884 годзе пачаў друкаваць уласную газэту "Гацві", якая задумвалася як інструмэнт для навучэньня дарослых, як праз зьмест, так і праз мову. У той час прэса на іўрыце толькі нараджалася, першая газэта зьявілася у сярэдзіне 1850-х гадоў. Бэн-Егуда, узяўшы за ўзор парыскую Le Figaro, стаў друкаваць у газэце ўсё, што выклікала бы цікавасьць жыхароў краю, у тым ліку міжнародныя і мясцовыя навіны, надвор'е, моду і г.д. Урэшце ён дасягнуў таго, што напрыканцы 19 стагодзьдзя амаль кожны гэбрай у Палестыне мог без складанасьцяў прачытаць і зразумець газэту на іўрыце. Бэн-Егуда меркаваў, што калі выдаваць недарагую газэту на іўрыце, то людзі будуць перакананыя ў тым, што яны здольныя выказаць на іўрыце любую думку, і гэта натхніць іх размаўляць на іўрыце. Бэн-Егуда выкарыстоўваў сваю газэту як інструмэнт для ўвядзеньня новых словаў, якіх раней не існавала, напрыклад, словы накшталт "газэта", "рэдактар", "тэлеграма", "падпісчык", "жаўнер", "мода" ды шмат іншых. Паколькі гэбраі любяць чытаць газэты, ягоная газэта спрыяла распаўсюджваньню новых словаў і ягоных лінгвістычных ідэяў, прычым ня толькі ў Палестыне, але і сярод Дыяспары.У дапамогу тым, хто толькі пачынаў размаўляць і чытаць на іўрыце, Бэн-Егуда пачаў працу над слоўнікам. Насамрэч, яшчэ ў Парыжы ён вёў слоўнічак для асабістага карыстаньня. Спачатку гэта быў кароткі сьпіс словаў на іўрыце зь перакладам на французскую ў звычайным сшытку, у які ён таксама запісваў сьпіс пакупак. Але, як тлумачыць Бэн-Егуда ў прадмове да слоўніка, калі ён пачаў штодзённа размаўляць на іўрыце, то ён адчуў нястачу шматлікіх словаў, і тады ягоны сьпіс словаў пачаў пашырацца. Бэн-Егуда стаў друкаваць у газэце сьпіс словаў для пачаткоўцаў з аналягічнымі праблемамі. Але паўставалі новыя праблемы. Размаўляючы на іўрыце зь сябрамі ці ў сям'і, ён мог размаўляць свабодна, як яму хацелася. Але для таго, каб іўрыт стаў мовай цэлага грамадзтва, новыя словы павінны былі быць дакладнымі, будавацца паводле строгіх філялягічных правілаў. Такім чынам Бэн-Егуда авалодаў спэцыяльнасьцю лексікографа. Вынікам ягонай неймаверна інтэнсіўнай працы, часта да 18 гадзінаў штодня, стаўся 17-тамовы "поўны слоўнік старажыдоўскай мовы і сучаснага іўрыту". Гэты слоўнік, які канчаткова дарабілі пасьля сьмерці Бэн-Егуды ягоная другая жонка Гемда разам з сынам, да сёньняшняга дня ўважаецца ўнікальным помнікам у гісторыі іўрыцкай лексікаграфіі.

У сьнежні 1890 Бэн-Егуда стварыў "Раду па пытаньнях іўрыту" з мэтай дапамагчы рабоце над слоўнікам, вырашыць праблемы тэрміналёгіі, вымаўленьня, правапісу і пунктуацыі. Рада была папярэдніцай сучаснай Акадэміі Іўрыту, якая зьяўляецца найвышэйшым аўтарытэтам і арбітрам ва ўсіх моўных пытаньнях.Гэта былі галоўныя дасягненьні Бэн-Егуды на шляху да запаветнай мары - адраджэньня іўрыту. Зразумела, што Бэн-Егуда адрадзіў мову ня ў поўнай адзіноце, як гэта занадта спрошчана цьвердзяць некаторыя. Наадварот, яму была патрэбная падтрымка грамадзтва, і ён на яе разьлічваў. Апрача гэтай падтрымкі мясцовага насельніцтва (якая праўда была досыць абмежаваная, а часам людзі ставіліся папросту варожа), найбольшая дапамогай ў дасягненьнях Бэн-Егудзы стала тое, што ў 1881 годзе, калі ён сам прыехаў у Палестыну, узьнялася першая хваля эміграцыі жыдоў у краіну. Крытычную масу новых пасяленцаў складалі маладыя адукаваныя ідэалісты, як і сам Бэн-Егуда. Яны паходзілі з усходнеэўрапейскіх мястэчак, з падобнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, і таксама, як і ён, яны вырашылі пачаць новае жыцьцё на Абяцанай зямлі сваіх продкаў. Яны вельмі дапамаглі Бэн-Егудзе, бо падтрымлівалі ягоныя наватарскія ідэі і былі гатовыя размаўляць на іўрыце, як ён і настойваў. Насамрэч, многія ўжо валодалі іўрытам па прыезьдзе ў краіну, а іншыя імкнуліся хутчэй палепшыць яго ці пачаць яго вывучаць. Яны вучылі сваіх дзяцей іўрыту ўдома, а таксама ў дзіцячых садках і школах, якія яны адкрывалі па ўсяе краіне. Такім чынам зь цягам аднаго біблейскага пакаленьня, за 40 гадоў (з 1881 па 1921 год), склалася ядро маладых іўрытамоўных энтузыястаў, для якіх мова сталася сымбалем адраджэньня нацыі. Брытанскія мандатныя ўлады ўсьвядомілі гэты факт і 29 лістапада 1922 года ўрэшце прызналі іўрыт афіцыйнай мовай жыдоўскага насельніцтва Палестыны. Такім чынам іўрыт пасьпяхова адрадзіўся, і найвялікшая мара Бэн-Егуды спраўдзілася. На жаль (хаця, гэта можа, вельмі знакава), толькі месяц пасьля гэтага сухоты, на якія Бэн-Егуда пакутваў яшчэ з парыскіх часоў, урэшце забралі ягонае жыцьцё.Варта падкрэсьліць, што насуперак распасюджанаму меркаваньню, іўрыт ня быў "мёртвай" мовай да Бэн-Егуды і нельга казаць, што ён адзін, як чараўнік, ажывіў яе. Наагул, прыназоўнікам "мёртвы" ў дачыненьні да іўрыту надта злоўжывалі. Як пісаў філёляг Хаім Рабін у 1958 годзе: "наўрад ці будзе перабольшаньнем казаць, што ў часе публікацыі першага артыкулу Бэн-Егуды ў 1879 годзе, больш як 50% дарослых жыдоўскіх мужчынаў разумелі Пяцікніжжа й штодзённыя малітвы, а прыкладна 20% маглі прачытаць кнігу сярэдняй цяжкасьці на іўрыце, прычым ва Ўсходняй Эўропе, Паўночнай Афрыцы і ў Йемене адсотак пісьменных жыдоў быў значна вышэйшым, чым у заходніх краінах." Бяручы гэта на ўвагу, нельга не пагадзіцца зь вельмі правільным і дасьціпным выказваньнем Сэсыля Рота пра ролю Бэн-Егуды ў адраджэньні іўрыту: "Да Бэн-Егуды жыды... маглі гаварыць на іўрыце, пасьля яго - яны на ім загаварылі."Такім чынам, Бэн-Егуда зьявіўся прарокам і прапагандыстам, тэарэтыкам і стратэгам, знакавай фігурай, сымбалем адраджэньня мовы. У 1908 годзе ён пісаў у газэце "Гацві": "Для посьпеху любой справы патрэбны толькі адзін мудры, разумны і энэргічны чалавек, які гатовы прыкласьці ўсе намаганьні да гэтай справы, і яна пойдзе, нягледзячы на ніякія перашкоды. Для кожнай новай падзеі, для кожнага, нават маленькага, кроку на шляху прагрэсу патрэбны першапраходзец, які павядзе сьвет наперад, зьнішчаючы ўсе шляхі да адступленьня."У адраджэньні іўрыту гэным першапраходцам стаў менавіта ён сам, Эліэзэр Бэн-Егуда.

Hosted by uCoz