Герб горада Глыбокае |
Павел Іосіфавіч Каруза
Каруза Павел Іосіфавіч (25.02.1906, ваколіцы Глыбокага тагачаснай Віленскай губ., цяпер Віцебская вобл., па іншых звестках, в. Ваўкалатка Вілейскага р-на – люты 1988, Вільня), беларускі кампазітар, музыказнаўца, дырыжор, фалькларыст, журналіст. Продкі П. Карузы паходзілі з Італіі. Яго бацькі гаспадарылі на Глыбоччыне. У 20-я гг. П. Каруза закончыў Віленскую кансерваторыю, дзе вучыўся па класу фартэпіяна у Марцаліны Кімант-Яцыны, вядомай тым, што яна першай напісала музыку да «Залётаў» В. Дуніна-Марцінкевіча, займаўся таксама тэорыяй кампазіцыі. Пасля пад кіраўніцтвам Антона Грыневіча, якога лічыў сваім настаўнікам, далучыўся да збірання беларускіх народных песень, пазнаёміўся з віленскімі кампазітарамі К. Галкоўскім і С. Казурам. Кіраваў хорам у віленскім Інстытуце гаспадаркі і культуры. Пачаў прымаць удзел у беларускім нацыянальным руху, рэдагаваў газету «Крыніца». У 1928 г. быў выбраны ў сейм Рэчы Паспалітай ад жыхароў Свянцянскага павета. Пасля таго, як у 1930 г. сейм па рашэнню Ю. Пілсудскага быў распушчаны, хаваўся ў глухіх месцах, затым перайшоў польска-савецкую граніцу, спадзеючыся ажыццявіць у БССР свае планы, выдаць фальклорныя запісы. Але неўзабаве быў рэпрэсаваны і трапіў на Салаўкі, дзе ўжо знаходзіўся другі яго настаўнік — С. Рак-Міхайлоўскі. Рэабілітаваны пасля вайны, працаваў дырыжорам Маладзечанскага абласнога ансамбля песні і танца. Аднак праз два гады быў зноў сасланы — на гэты раз у Нарыльск, дзе зарабляў на хлеб дырыжорствам і кампазітарствам у мясцовым тэатры драмы і музыкі. Канчаткова рэабілітаваны ў 1957 г., вярнуўся ў Вільнюс, працаваў настройшчыкам музычных інструментаў, а пасля знайшоў работу ў Дзяржаўным ансамблі польскай песні і танца Літоўскай ССР. Удзельнічаў у фалькларыстычных экспедыцыях супрацоўнікаў АН БССР (яго запісы ўвайшлі ў шматтомнік «Беларуская народная творчасць»). Як кампазітар П. Каруза напісаў некалькі чатырохгалосых хораў, камерную сімфонію для струннага аркестра, сюіту для хору «Беларусь мая спеўная», 12 хораў на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча. Зрабіў для чатырохгалоснага хору апрацоўкі трох купальскіх мелодый (скантамінаваная «Купалінка», «Сею палею», «Ляцеў сакалок»). Як пісаў у часопісе «Полацак» (Кліўленд, ЗША) В. Новік (1991. № 3), ва ўсіх гэтых творах «жыве руплівая, закаханая ў народную мэлёдыю, душа зьбіральніка і знаўцы народных песенных скарбаў. Душа чалавека, які праз усе пакуты пранёс сьвятую да музыкі любоў». П. Каруза з’яўляецца аўтарам тэарэтычных прац па фальклору «Вытокі беларускага меласу», «Абрадавыя песні Паазер’я», успамінаў пра А. Грыневіча і інш. Асабліва глыбока ён ведаў і адчуваў стыхію каляндарна-абрадавай паэзіі. На жаль, архіў кампазітара некалькі разоў знішчаўся, таму многія яго музычныя і навуковыя творы загінулі. Памяць пра П. Карузу зберагаецца на Глыбоччыне, у мясцовых школьных музеях. Яго прозвішча ўвайшло ў гісторыка-дакументальную хроніку Глыбоцкага раёна «Памяць» (Мн., 1995) |