Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Вацлаў Ластоўскі

 

Імя і дзейнасць гэтага чалавека доўгія гады выкрэсліваліся з гісторыі Беларусі і свядомасці грамадства. Рэдкія ж згадкі суправаджаліся нязменным ярлыком «буржуазнага нацыяналіста».

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі ў 1883 годзе ў фальварку Калеснікаў Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён). Пасля сканчэння народнай школы здольны да гуманітарных навукаў юнак вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Аднак матэрыяльныя цяжкасці не дазволілі прайсці поўны курс адукацыі, і Ластоўскі мусіў самавукам набываць універсальныя энцыклапедычныя веды.

З 1906 года жыў і працаваў у Вільні. Тады, уступіўшы ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, абраў шлях служэння свайму народу. Працаваў у рэдакцыі газеты «Наша Ніва», быў сябрам і паплечнікам Я.Купалы, Я.Коласа, А.Уласава, М.Багдановіча, А.Пашкевічанкі, іншых дзеячоў нашага адраджэння. Менавіта ў публікацыях на старонках «Нашае Нівы» раскрыўся ягоны талент публіцыста, гісторыка, пісьменніка. Ён аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі», выхад якой у 1910 годзе стаўся вялікай падзеяй у грамадскім жыцці. Янка Купала адгукнуўся на яе вершам-прысвячэннем:

Так даўно ў нас ня йгралі
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, -
Знаць, бывалы ён Дудар.

У 1916-1917 гадах В.Ластоўскі выдаваў газету «Гоман». У 1919 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Быў гарачым прыхільнікам і адным з галоўных ідэолагаў незалежнасці Беларусі. Ад снежня 1919 года - Старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1920 года - прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўрада. Браў удзел у працы міжнародных канферэнцый, форумаў, на якіх ад імя ўрада БНР адстойваў ідэі нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, пратэставаў супраць дыскрымінацыі і прыгнёту з боку Польшчы і Савецкай Расеі.

Пасля адыходу ад палітыкі займаўся навуковай, грамадскай і выдавецкай працай. Выдаваў у Коўні часопіс «Крывіч» (1923-1927 гады). У 1926 годзе ўдзельнічаў у працы Акадэмічнай канферэнцыі ў Менску. Аўтар грунтоўнага выдання «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўня, 1926), якое мае вялікую навуковую каштоўнасць.

У 1927 годзе, пакінуўшы спакойныя ўмовы працы на эміграцыі, В.Ластоўскі на запросіны ўрада БССР пераехаў у Менск, каб узяць удзел у нацыянальна-культурным і дзяржаўным адраджэнні Беларусі. Працаваў дырэктарам Дзяржаўнага музея БССР. Менавіта ягонымі намаганнямі быў выратаваны рэквізаваны бальшавікамі крыж Еўфрасінні Полацкай. Ад 1928 года В.Ластоўскі неадменны сакратар і акадэмік АН БССР. Праводзіў не толькі ўласныя даследванні, але і шмат энергіі аддаваў на арганізацыю новых кірункаў беларускае навукі і ўзгадаванне маладых навуковых кадраў.

У 1930 годзе разам з іншымі выдатнымі дзеячамі навукі і культуры Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны і засуджаны па сфабрыкаванай НКВД справе гэтак званага Саюза Вызвалення Беларусі на высылку за межы БССР. На пачатку 1938 года паўторна арыштаваны ў Саратаве і 23 студзеня расстраляны.

Hosted by uCoz