Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Мосар

 

Былое мястэчка Мосар - цяпер вёска ва Удзелаўскім сельсавеце Глыбоцкага раёна. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Глыбокага.

Мосар вядомы з XVI стагоддзя як мястэчка. Паводле граматы вялікага князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 11.10.1554 г. Яну Міхайлавічу Зяновічу было дазволена "при именью его Мосары над р. Дисною местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожытку у его мети".

Ад Зяновічаў (Дэспат-Зяновічаў) маентак Мосар у 1-ай палове XVII ст. перайшоў да Марціна Валовіча, віленскага земскага пісара. У 1639 г. — да Пятра Карла Долмат-Ісайкоўскага гербу Прус І, лоўчага ВКЛ. У 1657 г. дачка Пятра Карла Долмат-Ісайкоўскага - Соф'я, удава Самуэля Паца, у другі раз пабралася шлюбам - з Віктарам Канстанцінам Млечкай гербу Даліва, ці Тры Розы, палкоўніка жмудзкага. Іх дачка Канстанцыя атрымала Мосар у пасаг, пабраўшыся шлюбам з Янам Уладзіславам Бжастоўскім гербу Стрэмя, кашталянам троцкім. З таго часу Мосар на працягу больш чым 200 гадоў знаходзіўся ва ўладанні Бжастоўскіх.

У часы Станіслава Аўгуста, у 1775-90-х гадах, Роберт Бжастоўскі ўзвёў у Мосары палац у стылі класіцызму (знішчаны бальшавікамі пад час наступлення ў 1920-м). У сваёй цаласці і ў дэталях масарскі палац нагадваў каралеўскую рэзідэнцыю у варшаўскіх Лазенках: з троннай залай, «асамблёвай, Саламона, ратунды» і інш.

З XVIII да 1-ай паловы XIX ст. існавала вуніяцкая царква. Народнае вучылішча, адкрытае ў 1872 годзе, размяшчалася ў агульным доме, фінансавалася ў памеры 200 руб. у год. Пад 1885 г. у маёнтку Мосар было 558 жыхароў і 2030 дзесяцін зямлі. У аднайменнай вёсцы налічвалася 117 жыхароў.

У 1870-я гады Мосар набыў Эдмунд Пілсудскі. Наступным і апошнім ўладальнікам маёнтка быў яго сын Калікст Юзаф. З 1921 г. Мосар у складзе Польшчы, належаў Луцк-Казлоўскай гміне Дзісненскага павета Віленскага ваяводства. Буйнейшымі зямельнымі ўласнікамі былі Эдмунд Пілсудскі (1718 дзесяцін і 182 дзесяцін у Рэпішчы), Калікст Пілсудскі (165 дзесяцін) - родзічы Юзафа Пілсудскага і інш.

З 1939 Мосар у складзе БССР, з 12.10.1940 г. - цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна. З 20.01.1960 г. знаходзіўся ў Глыбоцкім раёне, з 20.05.1960 г. - ва Удзелаўскім сельсавеце.

У 1997 годзе ў вёсцы налічваліся 494 жыхары і 231 двор. Працуюць базавая школа, бібліятэка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, 2 магазіны, аддзяленне сувязі, ільнозавод. За 1,5 км на паўдневы захад ад вёскі захаваўся курганны могільнік (10 насыпаў). Два сыны солтыса Лазічонка: падпаручык Эдвард і паручык Антоній - пакояцца на могільніках у Монта-Касіна і ў Польшчы.

Крыніца:
Іосіф Зямчонак
Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер'я
Паставы, "Сумежжа", 2004

Hosted by uCoz