Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Парэчча

 

Гэтай вёскі няма нават на самай падрабязнай карце, хаця іншыя, дзе захаваўся хоць адзін жылы дом, адзначаныя. Чаму? Свята-Узнясенская царква, якая знаходзіцца там, не патрапіла ні ў адну кнігу па гісторыі архітэктуры Беларусі, няма яе і ў кнізе “Памяць. Глыбоцкі раён”, як і няма ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Віцебскай вобласці”.

У Парэччы, у вельмі жахлівым стане, знаходзіцца цудоўнай архітэктуры Свята-Узнясенская царква. Не паварочваецца язык назваць яе “мураўёўкай”, як называюць шматлікія праваслаўныя цэрквы на беларускай зямлі, што пабудаваны ў псеўдарускім стылі пасля падаўлення паўстання 1863 года ў бытнасць Мураўёва, віцэ-губернатара магілёўскага. У гэтым помніку праваслаўнага дойлідства на фоне іншых храмаў адчуваецца арыгінальнасць. Не магу згадаць, што недзе ў бліжэйшых, ці далейшых ваколіцах існуе ў нечым падобны сілуэт храма. І хоць тут, як і на іншых цэрквах, адчуваецца ўплыў візантыйскай архітэктуры, аднак такога купала, які для некага нагадвае карону імператара, для кагосьці — шлем сярэднявечнага рыцара, для іншага — галаўны ўбор святара, няма ні зблізку, ні здалёку.

Не прамінуў сфатаграфаваць гэты храм і Ян Балзункевіч, які прывандраваў у Парэчча недзе на пачатку ХХ стагоддзя. Праз сто гадоў (у 2001 г.) гэты здымак, і шмат здымкаў іншых храмаў Беларусі, былі выдадзены асобнай кнігай пад назовам “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ стагоддзя.” Дзякуючы яму мы маем поўнае ўяўленне аб першапачатковым выглядзе Свята-Узнясенскага храма.

На парозе храма я сустрэў Канстанціна Кандратавіча Протаса, старасту царквы, які ачышчаў прыступкі ад снегу.
— Заўтра нядзельнае богаслужэнне, — кажа спадар Канстанцін, — трэба навесці належны парадак у храме і вакол яго.
— Як даўно храм знаходзіцца ў заняпадзе? Яго закрылі адразу пасля вайны? — пытаю я.
— Не. Я, калі прыйшоў з войска, жаніўся – вянчаўся тут. Хрысціў у царкве і сваіх дзяцей. Папы давялі, не дбалі пра рамонт. Сам купал абваліўся. Ніякія бальшавікі тут не вінаватыя. Доўгі час на падлозе храма валяўся друз з тынкоўкі, рэшткаў купала і іншага рознага смецця. Цяпер дзейнасць храма адноўлена, заміж старога купала, які перакрываў увесь храм, зроблены часовы, таксама ўстаноўлены часовы іканастас.

Мне ўсё ж, падумалася, што Канстанцін Кандратавіч не да канца мае рацыю. У пачатку 1960-ых гг., у часы Мікіты Хрушчова, калі зачыняліся, руйнаваліся каталіцкія і праваслаўныя храмы, калі быў страшэнны ціск на святароў, наўрад ці які бацюшка альбо ксёндз мог бы сабраць ахвяраванні і распачаць рамонт сваёй царквы ці касцёла. Храмы руйнаваліся і ў вялікіх гарадах, дзе жылі дзесяткі тысяч людзей, што казаць пра невялічкую вёску. Хто мог супрацьстаяць?

Між тым, як бы гэта не выглядала парадаксальна, гэтаму храму вельмі пашанцавала. Ён не быў ні разбураны, ні ўзарваны. Аднак такое, пры пэўным збегу абставін, магло адбыцца. Па словах спадара Протаса, колішні дырэктар мясцовай школы т. Вусевіч быў ініцыятарам таго, каб узарваць храм. Яго браты былі ваеннымі і ў гэтай справе былі спецыялістамі. Уночы, употай, у сценах царквы высякаліся шурфы для закладкі толу. Калі храм быў падрыхтаваны да ўзрыву, паступіла каманда “Адставіць!”. Палічылі, што ад выбуху могуць павылятаць шыбы ў хатах усяго наваколля.

— Зразумела, вы памятаеце якім быў прыгожым гэты храм гадоў 60 таму назад, — працягваю далей размову.
— Так. Ёсць думка, што неабходна аднавіць той першапачатковы выгляд храма. Аднак трэба ехаць у Санкт-Пецярбург у архіў за чарцяжамі. Але дзе ўзяць грошы на рэстаўрацыю? Што тое Парэчча! Усяго пару хат! З каго сабраць тыя грошы? Бацюшку ўсе адгаворваюць, каб гэтым не займаўся.
— Казалі нашы бацькі даўней, што па гэтаму праекту мусіў будавацца такі храм у Плісе, — працягвае далей спадар Протас, — але нехта наблытаў у планах і яго выпадкова пабудавалі ў Парэччы.
— У вашай парафіі ёсць свой бацюшка?
— Раней прыязджаў святар з Плісы, потым з Лужок, цяпер – з Чарневіч, свайго бацюшкі няма.

Побач з царквой – два будынкі, якія належаць Парэчкаўскай базавай школе, адзін з іх пафарбаваны ў жоўты колер. Па словах Канстанціна Протаса, апошні некалі належаў мясцоваму святару.
— Каб не перадалі дом школе, — кажа спадар Канстанцін, — ўжо не было б яго даўно. Таму і захаваўся. Але і школу пэўна хутка закрыюць. Якая гэта школа, калі настаўнікаў больш, чым вучняў!

Побач са школай, на стадыёне, адбываліся нейкія лыжныя спаборніцтвы. Напэўна, урок фізкультуры? Падышоў.
— Што ў вас за спаборніцтвы? — пытаю ў Г. Я. Курашэвіч, якая прадставілася настаўнікам пачатковых класаў.
— “Спартландыя”, — кажа Галіна Яўгеньеўна. У нас кожны тыдзень у школе праводзяцца нейкія мерапрыемствы. На тым тыдні быў тыдзень матэматыкі.
— Ці праўда, што ў Парэчкаўскай базавай школе настаўнікаў больш, чым вучняў?
— Хто вам такое мог сказаць? — пярэчыць Галіна Яўгеньеўна.
— Царкоўны стараста...
— Ох, ужо гэты царкоўны стараста!
— Канечне ж, не! У нашай школе 36 вучняў, настаўнікаў – 11. Што праўда — вучняў менее. На наступны навучальны год прыйдзе толькі 28 вучняў. Усе яны, у асноўным, з Бортнікаў. Возіць вучняў на заняткі адмысловы аўтобус. Не ведаем, што будзе далей. Можа нашы дзеці будуць вучыцца ў Чарневіцкай школе? Быў тут дэпутат В. Хрол. Выказвалася думка, што трэба пабудаваць новую школу-сад у Бортніках.

Вось такая яна вёска Парэчча, якой няма на карце, як няма ў кнігах яе выдатнага помніка архітэктуры Свята-Узнясенскай царквы.

Заглянуў я ў даведнікі. За “польскім часам”, у 1930 годзе, ў Парэччы Царкоўным, вёсцы Лужэцкай гміны Дзісенскага павету, пражывала 15 жыхароў, якім належала 25 дзесяцін зямлі. Сёння ў Парэччы, вёсцы Пліскага сельсавета, Глыбоцкага раёна: жыхароў – 8, двароў – 3.

Нядаўна спаткаў у Глыбокім краязнаўцу і энцыклапедыста Язэпа Бунто. – Што новага? — пытае спадар Язэп.
– Наведаў, нарэшце, Парэчча. Праехалі ад Глыбокага 38 кіламетраў, тройчы прыходзілася па дарозе спраўджваць: ці ў тое Парэчча едзем?
– Быў і я там у свой час. Тады мяне здзівіла, што ў парэчкаўскай царкве аконныя і дзвярныя каробкі абабітыя конскім воласам. Своеасаблівая гідраізаляцыя. Драўніна і праз дзесяцігоддзі выглядае як новая. Такой тэхналогіі сучасныя будаўнікі не ведаюць!
– Дзіўна, што такой вёскі не існуе на карце, — працягваю далей размову я. Побач, на той жа карце – некалькі Парэччаў, гэтага – няма. Палякі ж, увогуле, каб не заблытацца назвалі яго Парэччам Царкоўным, бо былі ў тых ваколіцах фальварак Парэчча Новае і маёнтак Парэчча Старое.
— У свой час, з-за гэтай блытаніны, прыйшлося мне бараніць парэчкаўскі манетны скарб, які тут знайшлі, — кажа спадар Язэп. Яго запісалі ў Мёрскі раён. Ездзіў у Акадэмію Навук, дамогся, каб у пашпарце археалагічнага помніка перапісалі, што яго месцазнаходжанне — Глыбоцкі раён.

Завітаем у Парэчча яшчэ раз улетку!

Уладзімір Скрабатун
“Парэчча: учора і сёння”.
Надрукавана у “Вольным Глыбокім”,
№9(256) за 24 лютага — 2 сакавіка 2005 г.

Hosted by uCoz