Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Пліса

 

У Плісе адчуваецца дух колішняга мястэчка. Гэты дух – у шчыльна забудаваных старадаўніх вуліцах, камянічках, старых яўрэйскіх могілках, у Параскеўскай царкве...

Плісе, неўзабаве, – 500 гадоў. За сваю гісторыю яна паспела пабываць не толькі цэнтрам воласці, гміны і сельсавета, а нават, дзесяць гадоў, раённым цэнтрам. У памяці многіх жыхароў Плісы занатаваўся той факт, што пару дзесяцігоддзяў таму насельніцтва паселішча ледзьве не перакуліла за 1000. Сёння ў колішнім мястэчку: жыхароў – 582, з іх да 16 год – 101, працаздольных – 312, пенсіянераў – 169, двароў – 276. Скрушна! Суцяшае толькі тое, што не адной жа Плісы гэта праблема. Уся Еўропа шукае выйсце з адмоўнага дэмаграфічнага становішча.

Паселішча ўзнікла над возерам Пліса, ад якога і атрымала назву. Полацкія крывічы пачалі тут сяліцца яшчэ ў далёкім мінулым. Раскопкамі, што праводзіліся ў 1981 г. беларускім археолагам Эдвардам Зайкоўскім, каля вёскі выяўлены крамянёвыя прылады працы, керамічныя вырабы, грубаляпны посуд, якім карысталіся мясцовыя жыхары. Засяленне гэтай мясцовасці пачалося ў далёкім мінулым. У ваколіцах Плісы і возера шмат курганоў, што пацвярджае версію пра знаходжанне тут першабытных людзей каля 3 тысяч гадоў таму. Пазней тут праходзіў гандлёвы шлях з Полацка на Вільню, які вядомы ў 15—16 стст.

Кароль польскі і вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І выдаў грамату 7 ліпеня 1507 г., у якой пацверджана купля «вечным правам» маёнтка Пліса з трыма фальваркамі, сялом Балошнікі і з усімі агародамі, палямі, будынкамі ў дварах, іншай маёмасцю Мікалаем Петухом у вядомага дзеяча гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага. Грамата пацвярджала вечнае права карыстання зямлёй і пабудовамі, а таксама рэкамі, ставамі, млынамі як дзецям гаспадара, так і яго нашчадкам. Пліса як мястэчка ўпамінаецца ў «Полацкай рэвізіі» 1552 г., тут было 63 двары. На карце Полацкага ваяводства, выкананай вядомым каралеўскім картографам С.Пахалавіцкім у 1579 г., Пліса абазначана як паселішча. Каля 1624 г. частка пліскіх зямель была маёмасцю Рыгора Іванавіча Падбіпенты. Па фундушавым запісе Іосіфа Іванавіча Корсака ў 1642 г. Удзелаўскі францысканскі кляштар з касцёлам атрымаў дазвол на рыбалоўства ў пліскіх азёрах. У 1670 г. мястэчка Пліса належала полацкаму земскаму суддзі Іосіфу Львовічу Корсаку.

Прывілеем караля Станіслава Аўгуста ад 15 жніўня 1788 г., які быў дадзены Рамуальду Падбіпенту, у мястэчку дазвалялася праводзіць штотыднёвыя кірмашы ў нядзелю, на якіх прадаваліся і абменьваліся розныя мясцовыя і прывезеныя тавары. Пазней Пліса перайшла ў валоданне нашчадкаў вядомага на Глыбоччыне шляхецкага роду Дэспатаў-Зяновічаў, якія былі гаспадарамі да канца мінулага стагоддзя. 3 1793 г. Пліса ў складзе Расійскай Імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 г. Віленскай губерняў. У канцы 18 ст. тут знаходзіліся «гаспадарскі дом», драўляная уніяцкая царква, 6 крам, 2 карчмы. На рэчцы працаваў млын на 4 паставы. Сяляне жылі на аплаце і ўтрыманні іх уладальніка — гаспадара маёнтка, а шляхта — на чыншы. Жанчыны апрача палявых работ займаліся рукадзеллем. Пры царкве ў 1922 г. было заснавана брацтва.

У 1887 г у мястэчку Пліса было 75 дамоў і 651 жыхар, тут дзейнічалі парафіяльная царква, яўрэйская сінагога, капліца на могілках. Мястэчка было цэнтрам воласці. 3 1863 г. працавала пачатковая школа. У фальварку Пліса былі 63 жыхары, працаваў завод па вырабе гарэлкі і віна. Фальварак належаў роду Падбіпентаў, потым перайшоў ва ўласнасць наследнікаў роду Дэспатаў-Зяновічаў. У склад сельскай абшчыны ўваходзілі апрача мястэчка вёскі Мацясы і Гнілякі, у якіх у 1864 г. было 169 жыхароў. У склад воласці апрача мястэчка ўваходзілі 74 вёскі, дзе было 517 дамоў і 7188 жыхароў. Паводле статыстычных дадзеных, у той час тут знаходзілася 90 рускіх салдат. У складзе тагачаснай воласці было 13 сельскіх абшчын: Мнюта, Гатаўшчына, Галубічы, Свіла, Задарожжа, Перадолы, Багушэвічы, Юстыянава, Філіпаўшчына і інш. У 1897 г. у мястэчку – 899 жыхароў. З 1921 да 1939 г. Пліса ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1930 г. у мястэчку Пліса пражывала 865 жыхароў, якім належала 662 дзесяціны зямлі, побач з мястэчкам існаваў маёнтак з той жа назвай, дзе пражывала 20 жыхароў, якія апрацоўвалі 801 дзесяціну зямлі.

3 15.1.1940 г. да 8.6.1950 г. цэнтр Пліскага раёна (з 1950 г. цэнтр раёна — г.п. Падсвілле) Вілейскай, з 1944 г. Полацкай, з 1954 г. Маладзечанскай абласцей БССР, з 1960 г. у Віцебскай вобласці, з 15.12.1962 г. ў Глыбоцкім раёне, цэнтр сельсавета. У вёсцы ёсць Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, амбулаторыя, аптэка, сярэдняя школа, мэблевы цэх камбіната бытавога абслугоўвання.

З помнікаў даўніны ў Плісе захавалася Параскеўская царква, якая пабудавана ў 1887 г. у рэтраспектыўна-рускім стылі. Мураваны храм меў тыповую 4-чаcткавую структуру, якая складалася са званіцы, трапезнай, малітоўнай залы, апсіды. Над бляшаным дахам узвышаўся купал на драўляным барабане. У ноч з 21 на 22 студзеня 1949 г. у час моцнай буры з дзесяціметровай вышыні зваліўся перадалтарны карніз другога яруса асноўнага аб’ёму. Карніз прабіў дах, двайную столь і, ламаючы ўсё на сваім шляху, упаў на алтар. Парушэнне канструкцыі адбылося яшчэ ў канцы Вялікай Айчыннай вайны, калі нямецка-фашысцкія захопнікі пры адступленні ўзарвалі мост і млын за 30—40 м ад царквы. У нашы дні Параскіеўская царква адрамантавана, дзейнічае.

Уладзімір Скрабатун
Апублікавана "Вольнае Глыбокае", №13(260) 24 сакавіка 2005 года

Hosted by uCoz