Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Да пытання пра месца нараджэння Вацлава Ластоўскага

... Упершыню за паўтара дзесяцігодцзя даследчыцкай практыкі мяне раздзіралі супярэчнасці паміж хрэстаматыйна вядомымі фактамі, кананізаванымі рознымі айчыннымі энцыклапедычнымі даведнікамі, і тымі звесткамі, што спакваля збіраліся ў нядаўна заведзенай папцы пад двума прыцягальнымі, але малавядомымі пакуль словам!: ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ.

Менавіта пасля працяглага вывучэння жыццяпісу апошняга прыйшло сумненне адносна вызначэння сучаснага геаграфічнага месцазнаходжання Калеснікаў.

Пагадзіўшыся напісаць нарыс пра Ластоўскага і амаль не ведаючы Віцебшчыны, родны кут пісьменніка я акрэсліў над возерам Іказнь (сучасны Браслаўскі раён). Акрэсліў не проста так, з неба, а на падставе звестак паважнага даведніка XIX стагоддзя — «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», паколькі ў 4 томе яго, выдадзеным у год нараджэння Вацлава (1883), Іказнікаўскія Калеснікі адзіныя, названыя фальваркам. Да таго ж толькі ў Іказнікаўскіх Калесніках жылі католікі (2 хаты, 6 жыхароў). А Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі, мяркуючы па ўсім, паходзіў з каталіцкай радзіны. Астатнія Калеснікі ў слоўніку лічыліся вёскам.

Для даследчыкаў мінулага стагоддзя фальварак і веска — рэчы прынцыпова розныя. Менавіта яскравае ўсведамленне вялікай розніцы між гэтымі паняццямі доўгі час заставалася для мяне адзіным важкім аргументам-пасылкай і прымушала пашукаць сапраўдную мясціну яго нараджэння.

Адмовіўшы Міёршчыне ў праве называцца «малой радзімай» Ластоўскага, мне належала знайсці ягоны праўдзівы родны кут. I чым далей праводзіў пошукі, тым больш узрастала перакананне: я ў належным кірунку. Бо адсутнасць ля Новага і Старога Пагостаў (старапагашчанскую школу ў 1892—1894 гадах наведваў малы Вацік) у канцы XIX—пачатку XX стагоддзяў фальварка, засценка ці маёнтка Калеснікі пацвердзілі і іншыя, не менш аўтарытэтныя статыстычныя крыніцы: перапіс 1897 года у Расійскай імперыі і капітальны «Поўны спіс населеных месцаў Віленскай губерні» I. Гашкевіча.

У самых ранніх, вядомых мне біяграфічных нататках пра Вацлава Ластоўскага, на жаль, не падавалася дакладных каардынат, каб з іх дапамогаю можна было высветліць мясціну нараджэння слыннага гісторыка. Найпершы літаратуразнаўца, хто прысвяціў Ластоўскаму асобны абзац-персаналію, Максім Гарэцкі ў знакамітай «Гісторыі беларускае літаратуры» падае: «Ластоўскі родам з-пад м. Глыбокага (Дісьн. пав. Вілен. губ.); у малых гадох прыйшоў ён у Вільню...». Але чакайце: згодна логіцы і сучаснага разумения, Гарэцкі мусіў бы канстатаваць: «Родам з-пад мястэчка Міёры Дзісенскага павета», паколькі ад міёрскіх Калеснікаў да мястэчка Глыбокага значна далей. Бясспрэчна, славуты крытык-пісьменнік мог памыліцца.

Але — паказальны момант! У сённяшнім Мамайскім сельсавеце Глыбоцкага раёна ёсць таксама веска Калеснікі (саўгас «Азярцы»). I таксама колішні Дзісенскі павет. Дык, можа, Ластоўскі нарадзіўся не ў засценку, а у вёсцы? I менавіта гэтай, на Глыбоччыне?

Але не. Другая па чарзе біяграфічная даведка пра Ластоўскага датуецца ці не 1927 годам, калі ў Вільні выйшла «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» Ігната Дварчаніна. У ей складальнік прыводзіць наступныя звесткі: «В. Ластоўскі нарадзіўся 1883 г. 20 кастрычніка ў засьценку Калесьніках, Дзісенскага павету. Бацькі, Юстын і Ганна, належалі да клясы дробных арандатараў-земляробаў (безьзямельных)». З падрадковай заўвагі складальніка хрэстаматыі вынікае, што звесткі ўзяты з аўтабіяграфічнага ліста, дасланага Властам. I не верыць яму няма ніякіх падстаў. Можна толькі кінуць папрок, чаму Вацлаў паленаваўся назваць яшчэ хоць бы воласць ці іншы бліжэйшы арыенцір. Напрыклад, парафіяльны касцёл, у якім яго хрысцілі.

Працягваючы адмаўляць Міёршчыну, я доўга не мог прапанаваць узамен іншую, найбольш верагодную мясціну нараджэння Ластоўскага. Ад пачатку было ясна адно: яна — на Віцебшчыне.

Але дзе?
Дапамог мой слынны цёзка (а потым высветліцца, і блізкі зямляк Ластоўскага) — Язэп Драздовіч. Неяк у навуковай зале Аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў нашай акадэмічнай бібліятэкі да майго стала, абкладзенага фаліянтамі даведнікаў і картамі Віцебшчыны, падышоў Арсень Ліс.

— Што шукаем? — кінуў старэйшы даследчык.
— Слухайце, а як Вы даведаліся, дзе і калі нарадзіўся Язэп Драздовіч? — адказаў пытаннямі на пытанне.— Можа, падкажаце, дзе ляжаць хросныя метрыкі Дзісенскага рымска-каталіцкага дэканата? — і, пачуўшы ў адказ: «Высветліў з ягоных дзённікаў», расказаў пра свой «галаўны боль», набыты пад час апошняга даследчыцкага «дэтэктыва».
— А Вы яшчэ раз перагартайце дзённікі Драздовіча, там ён і пра радзіму Ластоўскага падрабязна згадвае...

Няўжо?.. Збіраю паўдзесятка нумароў часопіса «Маладосць» за 1991—1992 гады, дзе друкаваўся «Дзённік» мастака. Сапраўды, некаторыя запісы сведчаць пра дэталёвае знаёмства Драздовіча з рэаліямі дзіцячых гадоў Власта.

Вось адзін з абразкоў. «Нядзеля. Сабраліся рэчкаўцы ў Стары Пагост на возера купаць коні... Стаяў тут у канцы вёскі (на гэтым баку) магазінавы свіран, а сярод вёскі карчма аграмадная, то і я тэта помню. У карчме гэтай, якая аддавалася панамі ў арэнду, жыў у падурослыя леты, гадаваўся наш слынны навуковец Вацлаў Ластоўскі, які пазней так ідэалізаваў гісторыю культуры нашага краю. Ад карчмы гэтай, якая стаяла ў сутоках Рэчкаўскай дарогі з вуліцай, цяпер пазасталася ад ейных мураваных шул і падмуроўкі толькі адна груда абломкаў».

Зайздросная падрабязнасць, што ні кажы. Аднак «жыў у падурослыя гады», «гадаваўся» — гэга «не нарадзіўся». Пры сустрэчы заўважаю тое Лісу. I тут высвятляецца неверагодная рэч. Прыведзеныя мною ўспаміны датуюцца летам 1936 года. Апошні ж з надрукаваных у «Маладосці» раздзелаў называецца «Паміж Мнютай і Аутай», напісаны ў 1937 годзе. А ёсць яшчэ недрукаваная частка дзённіка! Менавіта ў ім пад 1938 годам Драздовіч занатаваў каштоўную рэфлексію — успамін пра сустрэчу землякоў на петраградскай кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы ў 1916 годзе, калі ў Вільні пачала выходзіць газета «Homan».

«— А глядзеце, хто рэдактарам, — з гэтымі словамі стары прафесар звярнуўся да прысутных гасцей, Язэпа Драздовіча і Антона Грыневіча, — гэга ж наш землячок з Дзісеншчыны — Ластоўскі.
Праўда, што мы тут сабраўшыся, — тры на ліцо, а чацьвёрты на паперы былі землякамі, з адных і тых самых знаёмых, адна ад адной блізкіх распаложаных мясьцін. Дзед Браніслава Ігнатавіча паходзіў з-пад Дворнава на Дзісеншчыне, а сам ён з Залесся, каля Ветрына на Полаччыне. Прадзед жа [неразборліва; хіба гутарка пра самога Я. Драздовіча.— Я. Я.] паходзіў з Арэхаўна каля Залацця, пад Полацк, а я сам — з Пунік, Галубіцкая пушча. Ант[он] Антонавіч паходзіў дзесь там каля Палюдавіч, на граніцах Дзісеншчыны з Полаччынай. А Вацлаў Ластоўскі з Калеснікава, паміж Мнютай і Аутай, таксама на Дзісеншчыне, а гадаваўся ў Старым Пагосце і Германавічах. Кругом мы землячкі, — адно краянцы».

З невядомага дасюль запісу выплывае яшчэ адно — зусім іншае! — месца верагоднага нараджэння Вацлава Ластоўскага: хутар Калеснікава ў Пліскім сельсавеце Глыбоцкага раёна.

Сапраўды, ёсць і такі! У ім у 1866 годзе стаяў усяго адзін дом, жыло 14 душ. Паводле веравызнання — католікі. З'явіся ў «Маладосці» гэтая мясціна дзённіка колькі гадоў таму — нашыя даследчыкі і вучоныя-энцыклапедысты, бясспрэчна, звярнулі б на яе ўвагу.

Вялікія надзеі ўскладаў я на анкетныя звесткі аўтабіяграфічнага характару, якія захоўваюцца ў акадэмічным архіве ды архіве КДБ. На жаль, яны мяне расчаравалі.

Абіраючыся ў 1928 годзе акадэмікам, Ластоўскі напісаў пра сябе ўласнаручна: «Вацлаў (Вячаслаў) Юстынавіч Ластоўскі, сын беззямельных сялян, радзіўся ў 1883 годзе; беларус. Асьвету атрымаў дамовую...»...

У матэрыялах з архіва КДБ анкетныя дадзеныя таксама не здаволілі цікаўнасць: «Ластовский Вацлав Усти-нович, 20 октября 1883 года рождения, уроженец хут. Колесники Дисненского уезда Виленской губернии, белорус, беспартийный, с высшим образованием, академик...».

Як бачым, сам Ластоўскі ў другі раз (пасля Ігната Дварчаніна) месцам свайго нараджэння называе Калеснікі. Але — зноў падкрэслю — не вёску, а хутар (засценак). А тэта, нагадаю, даўней — рэчы прынцыпова розныя.

Пэўны і дакладны адказ, у якіх Калесніках Дзісенскага павета (Калеснікава?) нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, можа даць толькі хросная метрыка аднаго з касцёлаў былога Дзісенскага дэканата Віленскай губерні. На такой ноце я скончыў даклад, зачытаны ў канцы пленарнага пасяджэння навуковай канферэнцыі, наладжанай 27 кастрычніка 1993 года у Наваполацкім (Полацкім) універсітэце. Але трыбуну пакінуў не адразу. Давялося вытрымаць сапраўдны двубой з міёрскім краязнаўцам Вітальдам Ермалёнкам, які слушна не пажадаў «за проста так» аддаць знакамітага земляка (на тыдзень раней, у Мінску, пасля вечарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, у сходні Дома літаратара за тое ж самае мяне ўшчуваў паэт Сяргей Панізнік — таксама з Міёршчыны).

Старшынствуючы на пасяджэнні даследчык Адам Мальдзіс таксама непакоіўся: «Дык як мы запішам пра месца нараджэння Ластоўскага ў бібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі»? Том на літару «Л» хутка здаецца ў набор?» Я прапанаваў «варыянт Лявона Гмырака»: у згаданым слоўніку за Гмыракам пазначаны «дзве радзімы» (на Вілейшчыне ды Мядзельшчыне). Дык і пра Ластоўскага раю пакуль падаваць так: «Нарадзіўся ў засценку Калеснікі (цяпер Міёрскі раён) або ў засценку Калеснікава [?] (цяпер Глыбоцкі раён)».

На шчасце, пытальнік пратрымаўся нядоўга — нейкі месяц-другі... Супрацоўніца Віцебскага музея Людміла Хмяльніцкая адшукала ў Нацыянальным архіве Беларусі ў Мінску хросную метрыку Вацлава Ластоўскага. Паводле дакумента прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі нарадзіўся 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883 года ў засценку Калеснікава Задарожскай парафіі Дзісенскага павета Віленскай губерні, што над самым возерам Мнютай.

Менавіта тут, я спадзяюся, удзячныя нашчадкі паставяць некалі помнік Вацлаву Ластоўскаму. Што да праведзенага пошуку, я напоўніцу ацаніў сінтэз: трэба верыць найперш архіўнаму дакументу і... дасканалай чалавечай памяці, якую прадэманстраваў у сваіх дзённікавых запісах мастацкі летапісец Дзісеншчыны Язэп Драздовіч.

1994

Язэп Янушкевіч
За архіўным парогам
Мінск: Мастацкая літаратура, 2002

Hosted by uCoz