Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Саннічкі

 

Ці можна паселішча Саннічкі назваць вёскай, калі цяпер яе не адзначаюць нават на самай падрабязнай мапе? Хутчэй гэта хутар, дзе ёсьць адна хата з гаспадарчымі пабудовамі. Знаходзяцца Саннічкі пры дарозе Празарокі—Чарневічы, непадалёк ад вёскі Саннікі.

Паркавыя пасадкі ў вёсцы Саннічкі згадваюцца ў кнігах па садова-паркаваму мастацтву Беларусі. Захаваўся і сьціплы сядзібны дом. Паводле паданьня ў ім некалі жыў пан Гінька. Сядзібны дом, які быў у вельмі запушчаным стане, выкупіла сям'я фэрмераў, адрамантавала.

Паркавыя пасадкі знаходзяцца на стромым беразе возера Гінькава, якое атрымала назву ад прозьвішча пана Гінькі. Гінькава возера, якое мае і іншую назву — Сахнавіцкае — вельмі маляўнічае. Яно, між іншым, — трэцяе возера Беларусі па глыбіні. Максімальная — 43 мэтры. Даўжыня да 2,5 кіламэтраў. У возеры тэрмакарставага паходжаньня водзіцца рэдкая для Беларусі рыба — стынка з сямейства корушкавых (стынка па-руску — снеток). Гінь-возера маляваў і Язэп Драздовіч (ілюстрацыя — у кнізе "Язэп Драздовіч. Альбом-манаграфія". Мн. "Беллітфонд. 2002, укладальнік Мікола Купава, стар. 102).

На заходнім, стромым беразе Гінькава возера, знаходзіцца адзіная на Беларусі карставая пячора, якая авеяна шматлікімі паданьнямі. Аднак, пячора, якую згадвае і Алесь Сапуноў у сваіх "Материалах..." — тэма іншага аповяду ("Сахнавічы").

Уладзімір Скрабатун

Hosted by uCoz