Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП), Глыбокае — Паставы.

Гэта арганізацыя моладзі, якая была створаная паралельна ў Глыбоцкай і Пастаўскай пэдагагічных вучэльнях у 1945—1946 гг. СБП сваёй дзейнасьцю абымала тую частку сёньняшняй Віцебшчыны, якая ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы ў 1921—1939 гг., а падчас нямецкай акупацыі ў склад Глыбоцкай акругі і часткова Вілейскай акругі, рэгіёнах генэральнай акругі Беларутэніі, дзе ішло змаганьне беларускага нацыянальнага руху з польскім. Гэта сёньняшнія: Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі, Докшыцкі раёны Віцебскай вобласьці, якія ўваходзілі ў той час (1944—1953 гг.) у склад Маладзечанскай вобласьці.

Вытокі стварэньня арганізацыяў — у беларускім школьніцтве за часамі нямецкай акупацыі і ўдзеле сяброў падпольля ў Саюзе Беларускай Моладзі. Кіраўнік СБП Васіль Мядзелец успамінаў пра сваё навучаньне ў Язьненскай школе, дырэктарам якой быў дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху Ігнат Мятла: “У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ падчас вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Язьне школы не было”. А вось што прыгадвала пра свой удзел у Саюзе Беларускай Моладзі Алеся Ўмпіровіч (Фурс): “Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршыравалі па вуліцах Паставаў, сьпяваючы свае родныя песьні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязі да іншых народаў”.

Гэта толькі два сьведчаньні, аднак амаль усе ўдзельнікі моладзевага падпольля, якія былі выхаваныя ў беларускай школе і СБМ, успамінаюць з аднолькавай цеплынёй пра школьны асяродак. Можа паўстаць пытаньне: чаму нямецкая акупацыя не ўспрымалася імі як страшэнная бяда, а нямецкія акупанты як ворагі беларускага народу і гэтых юнакоў і юначак?

Адказ хаваецца ва ўмовах жыцьця заходнебеларускага грамадзяніна. За пэрыяд 1918—1944 гг. улада зьмянілася некалькі разоў (9 разоў!), і, натуральна, сваёй краіны не было (бальшавікі, палякі, немцы, палякі, бальшавікі, немцы, бальшавікі). Сваёй краіны, нават такой, як БССР, жыхар Заходняй Беларусі ня меў, таму і не было нейкіх грамадзянскіх пачуцьцяў і абавязкаў перад неіснуючай дзяржавай альбо той ці іншай уладай: усе ўлады былі для іх па сутнасьці акупацыйнымі.

Каму прысягаць? СССР, які гаспадарыў у 1939—1941 гг. толькі 20 месяцаў, а пасьля 1944 г. вярнуўся з шыбеніцамі і расстрэламі. Таму і на акупацыйную ўладу жыхар Заходняй Беларусі глядзеў даволі проста, праз акуляры сваіх уласных інтарэсаў. Лепшы акупант той, хто ня надта дакучае са сваімі “мерапрыемствамі” і дае пажыць жыхару акупаванай тэрыторыі. Для селяніна важныя не палітычныя заклікі, а свая гаспадарка, надзел зямлі, меншыя падаткі. Для маладога чалавека важнае іншае — школа, адукацыя і г.д.

На стварэньне моладзевага падпольля значна паўплывала і русіфікацыя, якая разгарнулася пасьля прыходу ў 1944 г. у Заходнюю Беларусь савецкай улады. Найперш гэта тычылася навучальнага працэсу. Маладыя людзі, што скончылі беларускія школы і настаўніцкія сэмінарыі за часамі нямецкай акупацыі, не разумелі, чаму беларуская мова выкідаецца з ужытку, выціскаецца з пэдагагічных вучэльняў (Глыбоцкай і Пастаўскай вучэльняў, дзе яны працягнулі навучаньне).

Прысланыя з Усходняй Беларусі ці нават Расеі настаўнікі ўвогуле адмаўлялі беларускай мове ў праве на існаваньне. “З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў вучэльню (Глыбоцкую. — А.Г.), адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст” (Антон Фурс). Русіфікацыя навучальнага працэсу выклікала пратэст у найбольш актыўных юнакоў і дзяўчат.

Напачатку гэта былі звычайныя размовы, што характэрна для любой падобнай сытуацыі. У сваіх групках будучыя пэдагогі дзяліліся думкамі, выказвалі занепакоенасьць становішчам. Ускоснымі лідэрамі будучай арганізацыі былі ў той час Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань Глыбоцкай СШ № 1 Алесь Юршэвіч. У сваіх гутарках яны нарэшце прыйшлі да высновы пра неабходнасьць “гуртаваць аднадумцаў і разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх”. У маладых людзей не было, аднак, досьведу, яны ня мелі ўяўленьня пра тое, як наладзіць дзейнасьць арганізацыі і якой яна мусіць быць. І ўсё ж напрыканцы 1945 г. было створана ядро СБП. Старшынём быў абраны Васіль Мядзелец, сакратаром — Антон Фурс. Зноў працытуем словы Васіля Мядзельца, які так тлумачыць неабходнасьць стварэньня суполкі: “Нас займала вучоба, але ня толькі яна адна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у пэдвучэльні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка — я, Фурс і Юршэвіч — прыходзіць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна паўстала пытаньне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасьць — першаму, як кажуць, чарка, але першаму й палка”.

Сябры СБП зьвяртаюць увагу на тое, што іх арганізацыя не была палітычная, ейнай мэтай было: павышэньне ўласнай ды сьвядомасьці людзей, у прыватнасьці, навучэнцаў і школьнікаў (усе сябры арганізацыі былі будучымі настаўнікамі). Статут ня быў распрацаваны. Асноўныя палажэньні праграмы хутчэй адлюстроўвалі максімалісцкія памкненьні маладых людзей і мала стасаваліся з рэальнай палітычнай сытуацыяй:

— сапраўдная, а не дэкляратыўная дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”;

— патрабаваньне сувэрэнітэту, свабоднага разьвіцьця беларускага народу.

Актывісты СБП, натуральна ж, ня ведалі, як іх рэалізаваць, ды і ня ведалі, як за іх змагацца. Арганізацыя ня мела выразна акрэсьленай структуры, хаця ў ёй і існавалі пасады старшыні, сакратара, і яна мусіла падзяляцца на групы зь пяці чалавек (“пяцёркі”), у якіх кожны ўдзельнік ведаў трох астатніх і старшыню. У “пяцёрках” мусіла весьціся ўся праца, аднак гэтыя патрабаваньні, неабходныя для захаваньня кансьпірацыі, не вытрымліваліся. Новыя сябры прымаліся ў СБП па рэкамэндацыі, і кожны кандыдат даваў прысягу, тэкст якой склаў Алесь Юршэвіч.

“Я (імя, прозьвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы”. Чалавек, прыняўшы прысягу, заносіўся ў агульны сьпіс сяброў СБП.

Адначасова ў Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні была заснаваная моладзевая падпольная антыкамуністычная арганізацыя “За Беларусь”. Умовы, пры якіх узьнікла гэтая арганізацыя, былі падобныя тым, што існавалі і ў Глыбокім. Сытуацыя зь беларускай мовай тут была нават горшая. Студэнтам пэдвучэльні нават зьніжалі адзнакі за адказы па-беларуску. Кантраст паміж навучаньнем пад нямецкай акупацыяй (Пастаўская настаўніцкая сэмінарыя была заснаваная Барысам Кітам) і навучаньнем пры савецкай уладзе быў відавочны і спараджаў у вучняў пратэст.

Стваральнікамі падпольнай арганізацыі сталі Мікола Асіненка, Алесь Дзікі, Алесь Адамовіч і Валянцін Лагунёнак. Праўда, дакладна невядома, якую ролю адыграў у яе стварэньні колішні навучэнец Глыбоцкай пэдвучэльні Валянцін Лагунёнак, які перавёўся ў Пастаўскую вучэльню. Ня выключана, што гэтая група ўжо існавала да яго прыезду.

Мэты арганізацыі былі прыкладна такія ж, як і ў Глыбоцкага СБП: “бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць”. На пачатку 1946 г. арганізацыя мела пэўную структуру: узначаліў яе Мікола Асіненка, сакратаром быў Алесь Адамовіч, а скарбнікам — Ліна Бароўка.

У адрозьненьне ад Глыбоцкай, Пастаўская арганізацыя была лепш кансьпіраванай. Некаторыя яе сябры ўзялі сабе псэўданімы: Мікола Асіненка — Крывіч, Ніна Асіненка — Незабудка, Ліна Бароўка — Таполя, Алена Мацук — Лілія.

Як і СБП у Глыбокім, “За Беларусь” не была палітычнай арганізацыяй. Яе праца была выключна тлумачальная, скіраваная на прапаганду беларускай мовы, культуры, адстойваньне беларускасьці ва ўмовах татальнай русіфікацыі. (Усе навучэнцы меліся стаць настаўнікамі.)

25 сакавіка 1946 г. у вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну ў хаце Міколы Асіненкі сябры суполкі “За Беларусь” прынялі прысягу, якую прымалі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай “Пагоні”, якую намалявала Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Прыняўшы прысягу, сябры арганізацыі склалі сьпіс і расьпісаліся ў ім. У той жа дзень у Глыбоцкай арганізацыі прымалі новых сяброў.

Увесну 1946 г. праз Валянціна Лагунёнка былі наладжаныя кантакты з Глыбоцкай групай СБП. І на сустрэчы з глыбоцкім кіраўніцтвам Мікола Асіненка і Валянцін Лагунёнак дамовіліся пра аб'яднаньне Пастаўскай групы “За Беларусь” і Глыбоцкай арганізацыі СБП. Была зацьверджана і новая назва: Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае — Паставы). Нягледзячы на аб'яднаньне, і Глыбоцкая, і Пастаўская суполкі засталіся цалкам самастойнымі. Агульнага органу, які ўзгадняў бы дзейнасьць абедзьвюх арганізацыяў, не было створана. Разам з тым было вырашана праводзіць пэрыядычныя сустрэчы кіраўніцтва, дзе мелася ўзгадняць дзеяньні суполак.

Увесну 1946 г. адбыўся выпуск трэцяга курса пэдвучэльняў, і некаторыя сябры СБП, разьехаўшыся, атрымалі працу ў школах.

У лютым 1947 г. СБП быў разгромлены органамі МДБ. Як ужо адзначалася вышэй, сябры СБП ня надта клапаціліся пра кансьпірацыю. Сярод іх аказаўся агент МДБ-НКВД, магчыма, іх было і некалькі. Менавіта ён падштурхоўваў да актыўных дзеяньняў. Ня выключана, што і стварэньне самой арганізацыі было ініцыявана адпаведнымі органамі.

У лютым 1947 г., напярэдадні выбараў у ВС БССР, МДБ распачало арышты сяброў СБП. Частка сяброў арганізацыі была арыштаваная ў пэдвучэльні, а тых, хто настаўнічаў, забіралі з кватэраў ці ўрокаў. МДБ нават праводзіла апэрацыі па захопе паасобных сяброў арганізацыі. У турме сяброў СБП, а яны былі перавезеныя ў Менск у славутую “амэрыканку”, жорстка катавалі.

Большасьці сяброў СБП пагражалі пакараньні паводле арт.63 ч.1 і арт.76 Крымінальнага кодэксу БССР (здрада Радзіме і ўдзел у антысавецкай арганізацыі). Па справе СБП у 1947 г. адбылося два судовыя разгляды:

— 16—20 чэрвеня ў Менску былі асуджаныя 34 сябры СБП. Васілю Мядзелецу, Антону Фурсу, Міколу Асіненку і Валянціну Лагунёнку быў вынесены сьмяротны прысуд — расстрэл, пазьней заменены на 25 год канцэнтрацыйных лягероў. Іншыя сябры СБП атрымалі ад 3 да 25 год пазбаўленьня волі.

— У Полацку 11—12 лістапада былі асуджаныя Леанід Казак, Пётр Сьпірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсукі.

А ў 1948 г. ў Полацку былі асуджаныя Мікола Конан, Стась Савік і Алеся Ўмпіровіч.

Пазьбеглі пакараньня Віктар Дылевіч, сябра Глыбоцкай групы СБП, які здолеў зьбегчы ў Польшчу, і Мікола Дзеравянка, віна якога не была даказаная.

Сябры СБП адбывалі свае тэрміны ў канцэнтрацыйных лягерах у розных кутках СССР. У 1955—1956 гг. падчас “хрушчоўскай адлігі” ўсе яны былі вызваленыя. Але па вяртаньні на Беларусь яны доўгі час адчувалі ўціск з боку савецкіх уладаў, жылі з кляймом “неблагонадёжные”, не маглі знайсьці працу па спэцыяльнасьці, з-за чаго многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Тэрміны зьняволеньня, якія атрымалі сябры СБП:

Глыбоцкая група

Васіль Мядзелец — 25 год; Антон Фурс — 15 год; Алесь Юршэвіч — 25 год; Цярэнці Еўдакімаў — 25 год; Леў Бялевіч — 10 год; Іван Бабіч — 25 год; Марыя Бабіч — 10 год; Людміла Краснадубская — 10 год; Алена Барсук — 10 год; Ларыса Барсук — 10 год; Тамара Лагун (Барсук) — 3 гады; Алег Табола — 10 год; Гардзей Кліманскі — 10 год; Мікола Пачопка — 10 год; Альбэрт Бацяноўскі — 10 год; Пётр Сьпірковіч — 10 год; Мікола Конан — 10 год; Леанід Казак — 10 год; Віктар Бабіч — 10 год; Лідзія Несьцяровіч — 10 год; Юстын Протас — 10 год; Стась Савік — 10 год; Леанід Баговіч (невядома); Міхал Шуман (ніякіх зьвестак); Павал Шуман (ніякіх зьвестак).

Пастаўская група

Мікола Асіненка — 25 год; Алесь Адамовіч — 10 год; Валянцін Лагунёнак — 25 год; Алеся Ўмпіровіч — 25 год; Віктар Стахоўскі — 10 год; Янка Рымдзёнак — 10 год; Уладзімер Лысёнак — 10 год; Ніна Асіненка — 10 год; Алесь Амельяновіч — 10 год; Іван Бароўка — 10 год; Ангеліна Бароўка — 10 год; Аляксандар Дзікі — 10 год; Сямён Касарэўскі — 10 год; Павал Лапушынскі — 10 год; Алена Мацук — 10 год; Яўген Сідаровіч — 10 год; Мікола Церашковіч (?); Міхал Дзеравянка — вызвалены з залі суду.

Hosted by uCoz