Подпись: Без гісторыі няма будучыні

Герб горада Глыбокае

Павел Восіпавіч Сухі

 

Сухі Павел Восіпавіч (22.07(10.08). 1895, г. Глыбокае – 15.09.1975, Масква), авіяканструктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі (1968) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1943), двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1957, 1965), доктар тэхнічных навук (1940).

Нарадзіўся П.Сухі ў сям’і настаўніка. У 1905 г. паступіў вучыцца ў Глыбоцкую гімназію, якую скончыў у 1914 г. з сярэбраным медалём. У тым жа годзе паступіў на матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэта, пасля заканчэння першага курса перайшоў у Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча. З 1916 г. П.Сухі ў арміі, заканчвае школу прапаршчыкаў, прымае ўдзел ў Першай сусветнай вайне. У 1918–1920 гг. працуе выкладчыкам матэматыкі ў школе ў г. Лунінец Брэсцкай вобл., чыгуначнай школе ў Гомелі. Пасля аднаўлення дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў Расіі прадоўжыў вучобу ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы (1920), якое скончыў у 1925 г. З 1925 г. працаваў інжынерам-канструктарам у Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце імя М. Жукоўскага (ЦАГІ), з 1936 г. — намеснікам начальніка канструктарскага бюро завода доследных канструкцый ЦАГІ, а з 1937 г. — начальнікам канструктарскага бюро завода. У 1939 г. прызначаны галоўным канструктарам і дырэктарам доследнага завода. З 1956 г. — галоўны канструктар авіяцыйнай тэхнікі. П. Сухі — аўтар больш 50 арыгінальных канструкцый ваенных самалётаў, з якіх 30 пабудаваны і выпрабаваны. Прымаў удзел у праектаванні самалётаў АНТ-3, АНТ-4, АНТ-6, АНТ-9, АНТ-10. Пад кіраўніцтвам А. Тупалева распрацаваў знішчальнік І-4 (АНТ-5), выпрабаванні і серыйная вытворчасць якога былі пачаты ў 1927 г., і І-14 (АНТ-31) (1932—1934). Вядучы канструктар і кіраўнік аддзела па распрацоўцы самалётаў РД (АНТ-25) і «Радзіма» (АНТ-37). Стварыў шматфункцыянальны баявы самалёт Су-2, браніраваны штурмавік Су-6, якія выкарыстоўваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пад яго кіраўніцтвам у 1940–1941 гг. створаны доследныя знішчальнікі Су-1, Су-3 і інш. са звычайнымі і камбінаванымі сілавымі ўстаноўкамі з высокімі лётна-тэхнічнымі характарыстыкамі, у 1942–1943 гг. — браніраваны штурмавік Су-6. Адзін са стваральнікаў звышгукавой рэактыўнай авіяцыі. Распрацаваў рэактыўныя самалёты Су-9 з двума рэактыўнымі рухавікамі, знішчальнік-перахватчык Су-15 і інш. з турбарэактыўнымі рухавікамі, звышгукавыя знішчальнікі з стралападобным і трохвугольным крылом. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны першы знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-7Б. Прымаў удзел ў распрацоўцы і кіраваў лётнымі выпрабаваннямі бамбардзіроўшчыка Ту-14. На самалётах канструкцыі П. Сухога неаднаразова ўстанаўліваліся рэкорды па працягласці, хуткасці і вышыні палёту. У 1934 г. на самалёце РД (АНТ-25) быў ўстаноўлены сусветны рэкорд па працягласці беспасадачнага палёту, а ў 1936 г. зроблены беспасадачны пералёт Масква – Далёкі Усход (экіпаж пад кіраўніцтвам В. Чкалава). На самалётах Т-431 і Т-405 устаноўлены два сусветныя рэкорды па вышыні (1959, 1962) і два рэкорды хуткасці палёту па замкнёным маршруце (1960, 1962).

П. Сухі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі. У 1975 г. Прэзідыум Акадэміі навук СССР за «найвыдатнейшыя дасягненні ў галіне авіяцыйнай навукі і тэхнікі» прысудзіў медаль № 1 імя А. Тупалева генеральнаму кантруктару П. Сухому (пасмяротна). Пахаваны ў Маскве, на Навадзевічых могілках. У Гомелі П.Сухому ў 1977 г. устаноўлены бронзавы бюст. Яго імя прысвоена Канструктарскаму бюро (сакавік 1977 г.), Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму універсітэту. У Глыбокім на ўездзе ў горад размешчаны самалёт-помнік. У СШ №1 г. Глыбокае працуе музей прысвечаны П.В. Сухому...

Hosted by uCoz