Кляштар францішканцаў у вёсцы Удзела (Глыбоцкі раён), заснаваны ў 1642 г. вядомым у гэтым рэгіёне рэлігійным мецэнатам Язэпам Корсакам, доўгі час меў драўляныя будынкі. Мураваны касцёл быў закладзены ў 1766 г., кансэкраваны ў 1791 г. пад тытулам Беззаганнага Пачацця Панны Марыі. Будаўніцтва кляштарнага корпуса завяршылася толькі ў 1805 г., але ўжо ў 1809 г. комплекс пацярпеў ад пажару. У 1837 г. касцёл быў істотна перабудаваны ў стылі позняга класіцызму: зменены характар пакрыцця і завяршэння галоўнага фасада, а таксама афармленне інтэр’ера, дзе адзінай барочнай прыкметай застаўся крывалінейны абрыс арганных хораў. Па тэктанічнай схеме удзелскі касцёл – прамавугольная ў плане трохнававая псеўдабазыліка з паўкруглым алтарным завяршэннем цэнтральнай навы і сіметрычнымі закрыстыямі па баках. Цэнтральная нава не мае верхняга асвятлення і ўсе навы накрыты агульным пакатым класіцыстычным дахам, што надае збудаванню важкую манументальнасць. Познебарочны характар святыні відавочны толькі ў ніжняй частцы галоўнага фасада-нартэкса, які да 1809 г. завяршаўся дзвюма вежамі і фігурным франтонам. Паверхні фасада нададзена барочная хвалістасць і вытанчаная нюансіроўка святла і ценю з дапамогай разгорнутых пад вострым вуглом пілонаў, аздобленых пілястрамі вялікага ордэра. Гэта была дастаткова пашыраная, амаль знакавая адметнасць мясцовага познебарочнага храмабудаўніцтва. |