û

444Глыбокае333

і

888Глыбоччына777b

Галоўная

Міні гістарычны рэсурс ад vgrealist@rambler.ru  ©®        

Глыбокае

 

 

Глыбокае - горад, цэнтр Глыбоцкага раёна. За 187 км на 3ахад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на скрыжаванні аўтадарог Полацк—Вільнюс і Докшыцы—Шаркоўшчына. У межах Глыбокага азёры Качальнае і Вялікае, з якога выцякае р. Бярозаўка (Беразвеч).

Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1514 г. як двор, цэнтр маёнтка Зяновічаў. Рака Бярозаўка падзяляла Глыбокае на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі была гандлевая плошча з крамамі, свірнамі, уніяцкай царквой з плябаніяй, шпіталем. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Беразвечча. 3 16 ст. Глыбокае — мястэчка. У 1563—79 у перыяд Лівонскай вайны 1558—83 Глыбокаму і наваколлю прычынены значныя страты маскоўскімі войскамі. У канцы вайны праз мястэчка праходзілі войскі С. Баторыя ў час яго паходаў на Полацк і Пскоў. У канцы 16 ст. ў Глыбокім заснаваны кальвінскі збор (у пачатку 17 ст. на яго месцы пабудаваны касцёл св. Міхала, які праіснаваў да 1650), бібліятэка і школа. 3 1628 г. пачаў дзейнічаць Траецкі касцёл. У 1636 ваявода мсціслаўскі і староста дзісенскі І.Л.Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касцёл і кляштар ордэна кармелітаў; пры кляштары дзейнічала вучылішча. У сярэдзіне 17 ст. пабудавана царква Св. Тройцы (пасля пажару ў 1838 адноўлена, зноў згарэла ў 1880).

У перыяд вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Глыбокае займалі рускія войскі. Яны пабудавалі тут невялікую драўляную крэпасць — «острог», у якой размяшчаўся гарнізон. У студзені 1659 мястэчка заняў атрад войска ВКЛ. 6.11.1661 каля Глыбокага войска ВКЛ на чале з С. Чарнецкім разбіла рускія войскі пад камандаваннем І.А. Хаванскага (больш за 18 тыс. чал.), захапіўшы 6 гармат, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. рускіх, уцалелыя ўцяклі ў Полацк. Жыхары Глыбокага мелі сваю вайсковую арганізацыю. Мяшчане былі ўзброены халоднай і агнястрэльнай зброяй. 24.7.1667 апалчэнне глыбачан у некалькі соцень чалавек дало адпор марадзёрам венгерскай харугвы літоўскага польнага гетмана В. Валовіча, якія не вытрымалі атакі і адступілі ад Глыбокага, страціўшы трох забітых і шмат параненых. Абаронцы Глыбокага захапілі многа мушкетаў, шабель, рознай амуніцыі і ротную казну. Мястэчка моцна пацярпела ад пажараў у 1661 і 1700. У 1668 паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў, у 19 ст. — да Вітгенштэйнаў. Паводле інвентара 1702, сядзібны комплекс Радзівілаў у Глыбокім уключаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, свірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі. У маёнтку налічвалася 263 двары. У 18 ст. ў мястэчку 2 гандлёвыя плошчы з крамамі; пераважала драўляная 1-павярховая жыллёвая забудова (у 1775 налічвалася 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 10О двароў). У 1742 у Глыбокім пабудавана сінагога, у канцы 18 ст. — Ільінская капліца. Пры кляштары кармелітаў у 18—19 ст. працавалі школа, бібліятэка, фізічны кабінет, аптэка, шпіталь. Кляштар меў 40 музыкантаў.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) мястэчка Глыбокае ў складзе Дзісенскага павета. У вайну 1812 г. з ліпеня да снежня Глыбокае занята французкімі войскамі. 3 18 ліпеня на працягу 6 дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады. У час паўстання 1830—31 гг.. у красавіку—маі 1831 г. каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 1842 паўнёва-ўсходняя частка мястэчка знаходзілася ў валоданні дзяржавы, паўднёва-заходняя заставалася прыватнаўласніцкай; Глыбокае было цэнтрам Глыбоцкай воласці. 212 двароў, 2161 жыхар (1861). У 1886 у Глыбокім дзейнічалі народнае вучылішча, піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крам; у нядзелю збіраліся рынкі, штогод — 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 5564 жыхары. У 1-ю сусветную вайну да Глыбокага пракладзена чыгунка. У 1917 тут 111 двароў, 589 жыхароў. У лістападзе 1917 г. устаноўлена савецкая ўлада. У лютым—снежні 1918 Глыбокае акупіравана германскімі войскамі. У жніўні 1919 — ліпені 1920 і кастрычніку 1920 Глыбокае было занята войскамі Польшчы. 5.7.1920 ў ваколіцах Глыбокага адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек. У 1921—39 мястэчка ў складзе Польшчы; цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Да 1939 Глыбокае — мястэчка, ў якім было 9,7 тыс. жыхароў, цукерачная фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў. Кожны чацвер праводзіліся базары, штогод — 4 кірмашы. 3 канца 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага раёна. У 2-ю сусветную вайну з 2.7.1941 Глыбокае акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, разбурана. Горад быў ператвораны ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд». Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Акупанты знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., у 3 лагерах смерці — больш за 37 тыс. чалавек, у т. л. ў Беразвецкім лагеры смерці звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. Горад вызвалены 3.7.1944. 7,3 тыс. жыхароў у 1959 г., 11,9 тыс. жыхароў у 1970 г. 17,9 тыс. жыхароў у 1992 г.

Горад захаваў радыяльную планіроўку са свабодным унутрыквартальным размяшчэннем вуліц, якая склалася ў 17—18 ст. Зберагліся будынкі 18—19 ст.: аўстэрыя 18 ст., буйнейшыя архітэктурныя комплексы — касцёл і кляштар кармелітаў (1639—54), Траецкі касцёл (1764—82, перабудаваны ў 1902—08), фрагменты забудовы 19 — пач. 20 ст. На могілках Капцёўка знаходзяцца Ільінская капліца і мемарыяльная калёна ў памяць аб Канстытуцыі 3 мая 1791 (абедзве канца 18 ст.). У межы сучаснага Глыбокага ўвайшоў комплекс Беразвецкага базыльянскага манастыра (18 ст.).

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3.
Мінск, "Беларуская Энцыклапедыя", 1996

 

 

Глыбоччына

Знакамітыя людзі

Цікавыя навіны

Тапанімічны слоўнік

Апошняя старонка

Спасылкі

 

 

 

Hosted by uCoz